Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей лічыць непатрэбным нагнятаць напружанасць вакол нейкіх адзінкавых выпадкаў, якія адбываюцца пры ўзаемных паездках грамадзян Беларусі і Украіны. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Не хацеў бы больш кранаць гэту тэму. Некаторыя нюансы часам могуць здарацца пры наведванні грамадзянамі абедзвюх краін. Але не трэба рабіць з гэтага высновы, што гэта адбываецца ўвесь час. І, як мне здаецца, наогул не трэба нагнятаць сітуацыю, напружанасць вакол нейкіх адзінкавых выпадкаў. Інакш мы рызыкуем стварыць у насельніцтва нейкі псіхоз, боязь чагосьці і іншае. Я маю на ўвазе абодва бакі, усіх партнёраў», — сказаў міністр.

Уладзімір Макей таксама адзначыў, што ў ходзе кантактаў з украінскім калегам абмяркоўваліся розныя тэмы, у тым ліку гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, канкрэтныя праекты, працяг палітычных кантактаў. «Сёння мы будзем падпісваць дакумент аб кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў Украіны і Беларусі. Мы размаўлялі пра тыя справы, якія нам трэба будзе зрабіць. І размаўлялі аб узаемадзеянні ў транзітна-лагістычнай сферы», - дадаў ён.

Напярэдадні ў МЗС Беларусі пракаментавалі заяву міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, які выказаў меркаванне, што знаходжанне ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі можа быць патэнцыйна небяспечным па некаторых знешніх прычынах. У беларускім знешнепалітычным ведамстве гэтыя сцвярджэнні назвалі лухтой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?