У адну летнюю раніцу 1942 года каля адзінаццаці гадзін, у самы разгар нядзельнай імшы, праз расчыненыя дзверы ваўкавыскага касцёла парафіяне пачулі гучны выбух.

Напалоханыя людзі скіраваліся на вуліцу, упэўненыя, што на горад наляцела савецкая авіяцыя. Але больш выбухаў не было, а ў бясхмарным небе не было відаць ніводнага самалёта. Затое за якія 300—400 метраў ад касцёла на чыгуначных шляхах стаяў доўгі састаў з паравозам, што ўскідаў велізарныя клубы белай пары. Цікаўная моладзь кінулася туды.

Хутка перад паравозам утварыўся натоўп з нямецкіх салдат, якія цягніком ехалі на фронт. На адхоне чыгуначнага палатна ляжаў апрануты ў цывільную вопратку малады чалавек. З ягонага разарванага жывата вываліліся кішкі, а са шматлікіх ран выцякала на зямлю кроў. Чалавек паміраў. Побач з рэйкамі была неглыбокая варонка са свежай раскіданай зямлёй. Усё было зразумела без слоў: пры спробе закласці міну перад цягніком зарад выбухнуў у руках нявопытнага дыверсанта.

Чаму смяльчак закладаў міну перад цягніком, які рухаўся? У той час яшчэ не былі распаўсюджаныя радыёкіраваныя фугасы і ўзрывальнік міны спрацоўваў пад дзеяннем сілы цяжару або пры вырыванні засцерагальніка выбухоўніка з дапамогай доўгага шнура.

Закласці міну загадзя было нельга, бо яе выявілі б патрулі, якія рэгулярна праходзілі ўздоўж рэек. Вось і рызыкнуў невядомы патрыёт сваім маладым жыццём, кінуўшыся пад цягнік. Хто гэта мог быць — савецкі партызан ці ўдзельнік Арміі Краёвай, — засталося невядомым.

Прайшоў некаторы час, і партызаны прыстасаваліся да цяжкасцяў. У 1943 годзе міны пад нямецкімі эшалонамі сталі выбухаць усё часцей. Па сведчаннях Вацлава Наўроцкага, які працаваў тады дзяжурным па станцыі Ваўкавыск-горад, амаль не было такой ночы, каб на адрэзку чыгункі ад Ваўкавыска да Баранавіч не выбухалі пад цягнікамі міны.

Больш за ўсё выпадкаў прыходзілася на ўчастак паміж Слонімам і Баранавічамі. Вядома, далёка не ўсе закладзеныя партызанамі міны выбухалі пад паравозам ці вагонамі і далёка не ўсе міны наносілі тую шкоду, на якую разлічвалі дыверсанты. Аднак рэгулярныя выбухі моцна запалохалі паравозныя брыгады. Замоўленая паравозная брыгада з надыходам змяркання адмаўлялася першай выязджаць на Баранавічы, матывуючы адмову няспраўнасцю:

— О то халера! Помпа перастала працаваць! — абураўся машыніст.

Як толькі іншая брыгада адпраўлялася на начны перагон, машыніст першай дакладваў, што помпа адрамантаваная і ён гатовы падаць паравоз пад наступны састаў. Брыгада спадзявалася, што калі партызанская міна закладзена, то яна спрацуе пад першым эшалонам, а яны такім чынам уратуюцца.

Нарэшце немцы дадумаліся прычапляць наперадзе паравоза дзве-тры платформы, гружаныя камянямі або пяском.

Цяжкая платформа заязджала на закладзеную пад рэйкамі міну, рэйкі прагіналіся і націскалі на ўзрывальнік. Міна выбухала, не прычыняючы шкоды паравозу. Тады партызаны змянілі тактыку: падрывалі міну з дапамогай шнура, але рабіць гэта стала значна цяжэй. Паспрабуй непрыкметна замаскіраваць яшчэ і шнур даўжынёю сто метраў, каб ахова яго не заўважыла! Гэта пазней яны пачнуць выкарыстоўваць выбухоўнікі запаволенага дзеяння і іншыя хітрыя штучкі.

«У Ваўкавыск з Гамбурга прыехаў спецыяльны кран, які падымаў з адхонаў раскіданыя выбухамі паравозы і вагоны.

Бацька казаў, што паравозы ляжалі ў адхонах праз кожныя пяць кіламетраў», — расказвае мясцовы жыхар, бацька якога падчас акупацыі працаваў у паравозным дэпо.

Дыверсіі па дамове з машыністамі

Чыгуначная лінія Беласток — Ваўкавыск выкарыстоўвалася інтэнсіўна, бо забяспечвала грузам і жывою сілаю Усходні фронт — яна ж вяла з Усходняй Прусіі на ўсход. З гэтай прычыны яна знаходзілася пад пільнай увагай Беластоцкага аддзела польскай падпольнай Арміі Краёвай і нават мела ўмоўны шыфр «Шлях №8». Кожны састаў браўся на ўлік і рэгістраваўся АК. Звесткі аб руху эшалонаў перадаваліся па радыё ў Лондан, дзе брытанская разведка, аналізуючы рух цягнікоў па ўсіх кірунках і характар грузаў, рабіла дакладныя прагнозы аб хуткім наступе на тым ці іншым участку Усходняга фронту.

Партызаны за працай.

Партызаны за працай.

Былі выпадкі, калі партызаны па дамоўленасці з чыгуначнікамі пускалі лоб у лоб два цягнікі.

Такі выпадак адбыўся ў лістападзе 1943 года на станцыі Андрэевічы за 8 кіламетраў на захад ад Ваўкавыска на Беластоцкім кірунку. Група падпольшчыкаў-акаўцаў пад кіраўніцтвам капрала Альгерда Зажыцкага, у змове з мясцовымі чыгуначнікамі, пусціла на адзін і той жа шлях два сустрэчныя цягнікі — таварны з сенам і коньмі, які кіраваўся на фронт, і пасажырскі, які рухаўся ў Германію. Цягнік вёз з фронту ў адпачынак некалькі соцень салдат і афіцэраў. У выніку 35 вагонаў з коньмі і сенам згарэлі дашчэнту. Пасажырскі цягнік пацярпеў часткова. Колькі загінула адпускнікоў — невядома. Неўзабаве завязалася перастрэлка з нямецкай аховай — капрал Зажыцкі атрымаў цяжкае раненне, а двое чыгуначнікаў загінула.

Савецкі агітацыйны плакат «Крушэнне». Аўтар Уладзімір Прагер.

Савецкі агітацыйны плакат «Крушэнне». Аўтар Уладзімір Прагер.

Эшалоны, якімі кіраваў машыніст Раман Складаноўскі, падрывалі сем разоў.

Першы раз паранены машыніст некалькі гадзін праляжаў у цягніку, перш чым яго выцягнулі. Месяц ён праляжаў у шпіталі, пасля чаго немцы вярнулі яго на працу. Праз тры месяцы, у ліпені 1943-га, на тым жа ўчастку чыгункі каля Свіслачы яго паравоз зноў наскочыў на партызанскую міну.

З часам з машыністам Складаноўскім наладзілі сувязь савецкія партызаны, якія падрывалі міны ўжо не пад яго паравозам, а пад вагонамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?