Беларускі інтэрнэт зацята абмяркоўвае скандальнае відэа, зробленае, як можна меркаваць, у гімназіі №31 Мінска. 

На ім выразна чуваць, як завуч у самых красамоўных фармулёўках распінаецца перад школьнікамі, агітуючы ўступаць у БРСМ.

Тыя не пагаджаюцца, і «Ганна Мікалаеўна» ідзе на розныя хітрыкі: то спрабуе расчуліць падлеткаў напамінам, што яе будуць гэтак сама паласкаць за невыкананне «100%» плана, то спрабуе абудзіць іх грамадзянскую годнасць — «гэта антысаветчына нейкая!». 

А што кажуць у БРСМ? 

Пакуль што ні прэс-служба, ні кіраўніцтва арганізацыі для каментароў недаступныя. 

Але адзін з раённых сакратароў, задзейнічаных у Мінску, на ўмовах ананімнасці — пакуль не ўзгодненая афіцыяльная пазіцыя — паспрабаваў патлумачыць нам, што адбываецца на відэа. 

З ягоных словаў, відэа, найхутчэй, сапраўднае, але старое. 

«У Мінску з 2017 года ўжо няма папяровых білетаў, пра якія там гавораць, у якіх трэба распісвацца. Такія ўжо не выдаюць, у нас пластыкавыя карткі, у якіх і фота не ўклейваецца — яно дасылаецца ў электронным выглядзе. Як правіла, гэта проста фота з сацыяльных сетак з ясна адрозным тварам», — сказаў раённы сакратар. 

Таксама мы звязаліся з адной з настаўніц, якая згадваецца на відэа. 

Яна не гатовая абмяркоўваць сітуацыю, але сказала, што ў гімназіі №31 больш не працуе.

* * *

Раней кіраўнік БРСМ Дзмітрый Варанюк расказваў «Нашай Ніве» пра прымусовае сяброўства ў арганізацыі.

НН: Звыклая прэтэнзія да БРСМ — што туды заганяюць аўтаматычна і пад пагрозай нейкіх санкцый.

ДВ: Абсалютна нязгодны! Такое мо і было некалі. А цяпер я прашу, заклікаю: калі ёсць такія факты — паведамляйце нам. Мы сёння проста расказваем аб арганізацыі, а не заганяем. Можа, нейкі педагог-арганізатар выступае і кажа: маўляў, вось вы паступіце, і вам інтэрнат тады дадуць… Не БРСМ дае, а актыўная работа! Актыўная праца ў жыцці ўнівера можа прынесці плён у выглядзе прыярытэтнага выдзялення інтэрната. Калі ты ўступаеш у БРСМ, то гэта перадусім кам’юніці: ты актыўны, табе неабыякава. Таму аўтаматычнае масавае ўключэнне ў арганізацыю — гэта выключана, такога не павінна быць, я катэгарычна супраць. Бо якая тады будзе якасць кадраў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0