Генеральны дырэктар TUT.BY Людміла Чэкіна пракаментавала наступствы «справы БелТА» на Media Management and IT Forum. Яе цытуе baj.by.
— (Звяртаючыся да залы.) Нам вельмі важная ваша падтрымка, яна дапамагла ў перыяд вострага развіцця сітуацыі ў жніўні. Цяпер менш выносіцца ў публічную сферу.
Мы палічылі, што ў рамках TUT.BY за гэты час было 102 выклікі ў Следчы камітэт. Аб нармальнай дзейнасці ў такой сітуацыі гаварыць складана.
І ў сітуацыі са «справай БелТА», і ў сітуацыі з адміністрацыйнымі затрыманнямі праблема не толькі са статусам СМІ, місіяй СМІ, якая раздражняе чыноўнікаў і сілавікоў.
Наша заканадаўства пабудавана так, што ніхто з грамадзян не можа быць спакойны, нават калі нічога не парушае. Любога чалавека можна затрымаць на 3 гадзіны ў любы час для высвятлення асобы, і ўсё роўна, якія ў яго дакументы пры сабе. Гэтым шырока карыстаюцца. А пасля затрымання проста прад'явіць абвінавачванні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
Трэба мяняць гэтую практыку з пункту гледжання стаўлення да асобы, правоў чалавека ў цэлым. У нас часта парушаецца права на таямніцу прыватнага жыцця, перапіскі, тэлефонных перамоваў. Сілавікі і дзяржмедыя лёгка гэта парушаюць. І з усмешкай кажуць: а вы падайце на нас у суд.