- Слова да слова як цэгла да цэглы —
Так беларускі будуецца Дом.
Колькі ў падмурак яго з нас палегла!
Колькі шчэ вечным атуліцца сном!
Заўтра й цябе расстраляюць і восень
Будзе з крывёю тваёю чарнець.
Згубіцца ў хмарах апошняя просінь,
Горка звуглее асенняя медзь.
Слова ж чужое нам родным не стане,
Як і не стане зямля нам чужой,
Дзе нарадзіліся мы і світанне
Душы напоўніла нашы слязой,
Быццам малітвай адвечнаю — Храмы,
Храмы, што будуць на нашай зямлі
Роднымі нам, не чужымі таксама
Тым, што да нас з дабрынёю прыйшлі…
- Заўтра ты прыйдзеш, як заўтра, дадому
І не пазнаеш свой Дом і свой Храм.
Што ўсё не так — ты не скажаш нікому.
Што ўсё не так — нават Бог знае Сам.
Слова да слова, і сэрца да сэрца, —
І ажывае зноў мова дзядоў,
І беларусам тутэйшы завецца,
І Беларусь — як пралітая кроў
За Беларусь…
- 7– 10.10.2007