Пераход 22‑гадовага форварда «Сатурна» і зборнай Беларусі з львоўскіх «Карпатаў» у раменскі «Сатурн» у студзені 2008 году прызнаны несапраўдным.

Палата па вырашэньні спрэчак ФІФА пастанавіла,што ў футбаліста ёсьць дзеючы кантракт з украінскім клюбам, які сканчаецца ажно 31 сьнежня 2011 г.

У найбліжэйшы час кіраўніцтва «Карпатаў» пракансультуецца з юрыстамі ФФУ, а таксама з прэзыдэнтам «Барусіі» Райнхардам Раубалем, які абараняе інтарэсы украінскага клюба ў ФІФА. Пасьля чаго будзе прынята рашэньне наконт лёсу беларуса, паведамляе Спорт‑Экспресс са спасылкай на афіцыйны сайт львавянаў.

***

Ураджэнец Смургоняў Леанід Ковель некалькі сэзонаў правёў за менскае «Дынама». У 2006 г. заключыў кантракт зь львоўскімі «Карпатамі», за якія згуляў 29 матчаў ды забіў 12 мячоў.

Зімой 2007\2008 для многіх нечакана заключыў кантракт з «Сатурнам». Кіраўніцтва «Карпатаў» даказвала, што незадоўга да гэтага Леанід падоўжыў кантракт зь львоўскім клюбам.

Ковель даказваў, што подпіс не ягоны, маўляў, у той дзень ён быў у Беларусі, а не ў Львове. Ды пастаянна казаў у інтэрвію, што кіраўніцтва «Карпатаў» – страшныя людзі.

Урэшце зьехаў тады ў Раменскае. Здавалася, як кажуць у народзе, Ковелю ўдалося і на елку ўскараскацца, і порткі не парваць.

Што праўда, дэбютаваў толькі 30 ліпеня 2008 году ў матчы з «Крыламі Саветамі». Нават забіў гол, але той ня быў залічаны. Згуляў у чэмпіянаце Расеі 13 матчаў (848 хвілін). Мячоў больш не забіваў, толькі адзін у Кубку Інтэртота люксэмбурскай «Этцэле» ды два за моладзевы склад «Сатурну».

***

Калі інфармацыя ФК «Карпаты» праўдзівая ‑‑ часам клюб выдаваў жаданае за сапраўднае — то Леаніду пагражае дыскваліфікацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?