Найлепшыя творы беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва сталі ня толькі трывалым падмуркам маральнага і эстэтычнага выхаваньня народа, але і «паўпрэдамі» нашай рэспублікі…

А.Р.Лукашэнка ‑‑

70 гадоў Саюзу мастакоў Беларусі.
6—9.12.1938 году прйшоў І зьезд мастакоў Беларусі, на якім быў створаны Саюз мастакоў БССР. Грамадзкія арганізацыі, што карысталіся ў гады сталіншчыны падтрымкай дзяржавы, бралі актыўны ўдзел у прапагандысцкіх кампаніях. У 1932 г. камуністамі было прынятае «Палажэньне аб добраахвотных таварыствах і саюзах», якое абавязвала дзяржаўныя ўстановы ажыцьцяўляць пільны кантроль за дзейнасьцю грамадзкіх арганізацый. З гэтага часу колькасьць грамадзкіх арганізацый скарачаецца. Так, таварыствы «Саюз бязбожнікаў», «Прэч непісьменнасьць» і Таварыства барацьбы з алькагалізмам былі аб’яднаны ў адну арганізацыю «За здаровы быт». Усе мастацкія — у Саюз мастакоў, а ўсе пісьменьніцкія арганізацыі былі рэарганізаваны ў Саюз пісьменьнікаў

Саюз мастакоў ад іншых «творчых» саюзаў заўжды адрозьніваўся сваёй заможнасьцю. Гэта быў ня гэтулькі творчы саюз, як вытворчы. Беларускі Саюз мастакоў валодаў вялікімі фінансавымі сродкамі, меў уласную вытворчую базу (ткацкія, ліцейныя, шклярныя цэхі), асобнымі майстэрнямі на кожнага свайго члена, галерэямі, выстаўнымі залямі й ўласнымі крамамі, ну й вялізарным зборам твораў мастацтва, гэтак званым Мастацкім фондам. Гэткі стан датрываў дасёньня...

У 1930‑я гады камуністы ўсё калектывізавалі, узбуйнялі, цэнтралізавалі.
Да таго існавалі такія мастацкія групоўкі як Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў, створанае на хвалі беларусізацыі, а таксама аб’яднаньне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі, далёкая ад беларускасьці Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі і беларусафільская суполка «Прамень».

Тым часам у 1930‑я гады ў беларускім мастацтве панаваў глыбокі крызіс. Прычынаў таму было шмат. У прэсе шмакткроць геніяльных творцаў — Філіповіча, Грубэ, Астаповіча, Мініна і нават Дабужынскага, які ўжо даўно быў эміграваўшы ў Літву.

Пачалася кампанія «арабочваньня мастацтва». Не ўлічваючы прыроды творчасьці, крытыкі патрабавалі ад мастакоў перш за ўсё «выкананьня прамфінпляну», стварэньня «магнітабудоўляў мастацтва». У выніку многія палотны, графічныя лісты ператвараліся ў аднадзёнкі, звычайныя рэпартажы, якія не вытрымалі праверкі часам. Усё, што не падыходзіла пад апрыёрныя схемы вульгарызатарскай артадоксіі, кваліфікавалася шкодным, варожым, «кантрабандай у мастацтве». Вульгарны сацыялагізм ахоплівае мастацкую крытыку. Узмацніўся наступ на дэмакратычныя прынцыпы адукацыі ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Звужваецца тэматыка твораў. У гэты ж час у Беларусь наяжджае багата мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў Маскве і Ленінградзе. Тутэйшыя дасягненьні адмыслова ігнаруюцца, нават зьневажаюцца.

Пакуль у СССР пасьпяхова ўвасабляўся ў жыцьцё лёзунг «сацыялістычнага рэалізму», у 1934 годзе, на зьезьдзе нацысцкай партыі ў Нюрнбэргу была абвешчаная іх «культурная праграма». Аснову гэтай праграмы склалі тэзісы Гітлера адносна задачаў і сутнасьці выяўленчага мастацтва.У прыватнасьці ён казаў:»... Мастак стварае не дзеля мастакоў, але... для народу! I мы паклапоцімся аб тым, каб менавіта народ з гэтага часу зноў быў судзьдзёй яго мастацтва». Пачалася барацьба з «выраджэнцамі»‑экспрэсіяністамі.

Як і ў нацысцкай Германіі, «няправільных» мастакоў у БССР пачалі фізычна зьнішчаць. На пачатку 30‑х былі арыштаваны Ібрагім Гембіцкі, Міхась Філіповіч, Міхал Станюта. Не вярнуліся зь лягераў мастатвазнаўцы Мікола Шчакаціхін і Іван Фурман, былі расстраляныя як «польскія шпіёны» выбітныя мастакі Раман Семашкевіч і Мікола Васілеўскі, якія па сканчэньні Віленскай беларускай гімназіі перабраліся ў савецкую Беларусь, расстраляныя адзін за адным мастацкія рэдактары Дзяржаўнага выдавецтва БССР Дваркоўскі і Малкін. Эдуард Гадлеўскі высланы ў Магадан.
Графік Змудзінскі, які рабіў малюнкі да буквароў, высланы ў Сібір за тое, што быў у мінуласьці царскім афіцэрам. Графік Яўхім Мінін расстраляны… Расстралялі і братоў Даркевічаў, настаўнікіаў Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Пётра Даркевіч выкладаў мастацтвазнаўства, а Хрыстафор — манумэнтальны жывапіс.

Сьляды дзясяткаў мастакоў з Гомеля, Магілёва, Мазыра, Бабруйску, Полацку проста зьнікаюць. А «Трыбуна мастацтва» за 1936 год грымела: «Ворагі народу, агенты замежных капіталістычных дзяржаў усімі сіламі стараліся затармазіць разьвіцьцё беларускага мастацтва. Выражаючы ідэалёгію вясковага кулацтва і дробнабуржуазных слаёў гораду, яны імкнуліся арыентаваць мастакоў на ідэалізацыю хутарской сыстэмы, архаічных тыпаў местачковага насельніцтва, скажалі гісторыю Беларусі. Яны імкнуліся адарваць беларускую культуру ад рускай і падкрэсьлівалі залежнасьць беларускай культуры ад культуры капіталістычных краін. Пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі перадавыя мастакі Беларусі вялі жорсткую барацьбу з буржуазнымі нацыяналістамі. Частка мастакоў, заражаных буржуазна‑нацыяналістьічнай ідэалёгіяй, пагардліва адносілася да індустрыяльнай і калгаснай тэматыкі. Указаньне Сталіна аб сацыялістычным рэалізьме як творчым мэтадзе савецкага мастацтва, садзейнічала ўздыму беларускага мастацтва на больш высокую ступень, адкрыла перад мастакамі шырокія магчымасьці ідэйнага росту і ўдасканаленьня майстэрства».

Вось у гэткіх ўмовах і ствараўся той Беларускі Саюз мастакоў. Невыпадкова яго стварэньне расьцягнулася ажно на пяць гадоў. Не было з каго ствараць!

Першы Саюз быў створаны на костках у літаральным сэнсе. У складзе тае арганізацыі было ў 1938 годзе толькі 8 чалавек, зь якіх аніводнага этнічнага беларуса.
За выключэньнем хіба Заіра Азгура імёны астатніх нікому нічога ня скажуць. Старшынём Саюзу мастакоў Беларусі стаў журналіст Іосіф Рубінштэйн. А ўжо ў 1939‑м прапаў недзе й сам Рубінштэйн. На пасадзе старшыні пасьля Рубінштэйна будуць толькі выканаўцы абавязкаў старшыняў Беларускага Саюз мастакоў, аж да 1948 году, калі, нарэшце, пройдзе другі зьезд Саюзу.

Выстава 1940 года зьявілася «якасным скачком у разьвіцьці ўсяго выяўленчага мастацтва рэспублікі». Скачком у нікуды... На ёй былі паказаныя палотны: «Выступленьне Арджанікідзэ на франтавым зьездзе. Менск, 1917 год», «Уступленьне Чырвонай Арміі ў Менск у 1920 годзе», «Арганізацыя Савецкай улады ў Гомелі», «Курлоўскі расстрэл», «Раззбраеньне карнілаўскіх эшалонаў у Гомелі ў 1917 годзе», «Выступленьне Мануільскага ў Гомелі ў 1918 годзе», «Выступленне Я. Свярдлова на гістарычным пасяджэньні ЦК партыі бальшавікоў у 1917 годзе», «Горадня. 1939 год», «Вызваленьне Заходняй Беларусі», «Выступленьне Сьвярдлова на I зьезьдзе Саветаў» Ліўшыца...

Тубыльцам не давяралі. Іх найчасьцей зьнішчалі. У 1939, пасьля паходу на Польшчу, у арганізацыі зьявілася й колькі беларусаў, але аніводнага з заходніх раёнаў рэспублікі...

Так пачынаўся Саюз мастакоў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?