У сутарэньнях Чырвонага Касьцёлу праходзіць выстава, прысьвечаная 75-м угодкам Галадамору на Ўкраіне ў 1932-33 году.

Калектывізацыя, індустрыялізацыя. За гэтымі сухімі саветызмамі хаваецца жахлівая, сьмерцяносная пара. Пара, калі ацалеламу пасьля Першай сусьветнай, грамадзянскай і польска-савецкай войнаў сялянству паводле словаў Салжаніцына «быў канчаткова перабіты хрыбет». На пачатку 30-х СССР мусіў хоць неяк дагнаць заходнія краіны ў эканамічным разьвіцьці, і для гэтай мэты краіне былі патрэбныя калясальныя сродкі. Што ж магла прапанаваць заходняму спажыўцу збольшага аграрная дзяржава? Вядома, збожжа. Зерня Савецкі Саюз вывозіў за мяжу вялізную колькасьць, нават на шкоду ўласным грамадзянам: пакідаючы іх галадаць, адбіраючы ў хлебаробаў нават застаўленае імі на ўласны пражытак.

Адбор збожжа ў насельніцтва меў і яшчэ адну мэту — вынішчыць сацыяльную базу супраціву савецкай уладзе на вёсцы — заможнае сялянства, на навамоўі таго часу названага «кулацтвам». Сялян абкладалі непамерным харчовым падаткам, экпрапрыявалі хлеб, скупалі яго па нізкіх, непрыбытковых цэнах. Каб людзі не разьбягаліся зь месца голаду ў пошуках ежы, былі выстаўленыя загараджальныя войскі НКУС. У савецкіх сялян нават не было пашпартоў — яшчэ адзін «кручок», які не пускаў іх у адносна сыты горад. Камуністычнае кіраўніцтва ж сам факт вялікага голаду катэгарычна адпрэчвала, адмаўляючыся ад гуманітарнай дапамогі з-за мяжы.

Наступствам такіх сплянаваных дзеяньняў і стаў жахлівы Галадамор, які паводле розных ацэнак ад 5 да 10 мільёнаў жыцьцяў, калі «трупы валяліся ўпокат» (паводле словаў відавочцы-селяніна), а ўшчэнт згаладалыя людзі зьехаліся да людажэрства. Найбольш масавы голад хапіў якраз Украіну, праўдзівую жытніцу Расейскай імпэрыі, а потым і Савецкага Саюза. Паводле зьвестак дасьледчыкаў найбольш пацярпелі ад масавага голаду Харкаўшчына і Кіеўшчына.

У сувязі зь рэакцыяй беларусаў на Галадамор на выставе прыведзены цікавы дакумэнт. Гэта адкрыты ліст беларускіх работнікаў да Цэнтральнага камітэту камуністычнай партыі Ўкраіны. Ён пачынаецца словамі: «Калі гэта тое было, што Беларусь Украіну карміла?..» І далей ідуць падрабязныя апісаньні ўкраінскіх уцекачоў, што на вуліцах беларускіх гарадоў ратуюцца ад голаду жабрацтвам. У лісьце беларускія работнікі непакояцца за лёс суседзяў і зьдзіўляюцца, як такая бяда магла стацца на Ўкраіне, што заўсёды прымалася беларусамі як заможны край зь вельмі ўрадлівай — не параўнаць зь беларускай — глебай.

На выставе пададзены доказы, што прычынай страшэннага голаду 1932-33 году, які сабраў плён у мільён жыцьцяў, ня былі кепскі ўраджай ці засуха, а мэтаскіраваныя дзеяньні савецкага ўраду. На пытаньне «Хто вінаваты?» арганізатарамі выставы даецца адназначны адказ — палітыка таталітарнага сталінскага рэжыму. Пададзеныя імёны канкрэтных людзей, урадоўцаў, якія «шчыравалі» ў гэтай справе найбольш — Сталін, Кагановіч, Баліцкі і Постышаў. Каб адратаваць жыцьці сялян усяго-толькі і трэба было — спыніць вываз харчоў за мяжу і аддаць іх у раёны Ўкраіны, якія галадалі. Але для ўлады, упэўненыя арганізатары выставы, гэтыя жыцьці нічога не каштавалі.

Цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны імкнецца прыцягнуць увагу да гэтай, жахлівай, старонкі гісторыі, каб савецкае мінулае ня вабіла найперш сваіх грамадзянаў. 14 краінаў, сярод якіх ЗША, краіны Балтыі, Польшча і Вугоршчына ужо акрэсьлілі Галадамор як «генацыд супраць украінскага народу», а Эўрапарлямэнт сёлета прызнаў Галадамор злачынствам супраць чалавечнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?