Напружаньне паміж дзьвюма старымі суперніцамі, Індыяй і Пакістанам,дасягнула свайго апагею сёньня ранкам.

Пасьля таго як індыйскія ўлады пачалі разьбіраць завалы, што ўтварыліся пасьля тэрарыстычнай атакі на Мумбай, і сталі дапытваць схопленага тэрарыста, пакістанскага ўраджэнца. Індыя паведаміла, што павышае гатоўнасьць войскаў да ўзроўню «баявой».

Са свайго боку Пакістан паабяцаў, што ў выпадку ўзмацненьня індыйскага вайсковага кантынгенту, перакіне на мяжу зь Індыяй вайсковыя сілы, якія змагаюцца цяпер на пакістана‑аўганскай мяжы. Гэткім парадкам можа паўтарыцца сцэнар 2001 году, калі пасьля тэракту ў індыйскім парлямэнце ў 2001 годзе, які ўчынілі пакістанскія тэрарысты, і наступных яму індыйскіх пагрозаў, Пакістан сканцэнтраваў на мяжы вялікія вайсковыя сілы. Адзін з высокапастаўленых пакістанскіх вайскоўцаў зазначыў, што «калі нешта здарыцца на індыйскім накірунку, дык вайна з тэрорам перастане быць на чале нашых прэфэрэнцый, і мы прыбярэм нашы сілы з заходняй (з Аўганістанам) мяжы. Не пакінем там ніводнага жаўнера».

На думку таго ж чыноўніка наступныя 48 гадзінаў будуць крытычнымі для адносінаў дзьвюх ядзерных краінаў,
якія пасьля атрыманьня незалежнасьці ад Брытаніі ў 1947 годзе ваявалі міжсобку ажно 3 разы, а ў 2001 годзе мала не скаціліся да чацьвёртай.

Выдае на тое, што пакістанскія пагрозы змусяць ЗША і іншых індыйскіх хаўрусьніц утаймаваць рэакцыю афіцыйнага Дэлі. Вашынгтон у сваю чаргу павінны балянсаваць паміж сваімі дзьвюма азіяцкімі саюзьніцамі — Індыяй і Пакістанам.

ЛК, паводле Reuters

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0