У адным з аэрапортаў Бангкоку. Фота Лос-Анджэлас Таймс

У адным з аэрапортаў Бангкоку. Фота Лос-Анджэлас Таймс

Колькасьць беларусаў, што жадаюць адпачыць у Тайляндзе, скарацілася. Але ахвочыя ўсё ж ёсьць.

Зважаючы на падзеі сталіцы Тайлянду, беларускі МЗС на мінулым тыдні распаўсюдзіў зварот да беларускіх грамадзянаў, у якім настойліва рэкамэндуецца ўстрымацца ад вандровак ў гэтую краіну.

У беларускіх турфірмах адзначаюць скарачэньне колькасьці тураў у Тайлянд. Аднак ня ўсе апэратары зьвязваюць гэта выключна з падзеямі ў Бангкоку. Так, у турфірме «Пентатур» паведамілі, што згодна звароту МЗС яны папярэджваюць сваіх кліентаў пра небясьпеку наведваньня Тайлянду і колькасьць замоваў тураў у гэту краіну значна скарацілася. «Але скарацілася колькасьць замоваў увогуле, а ня толькі ў гэтым накірунку» — адзначыла супрацоўніца фірмы. На яе думку, варта гаварыць пра рэакцыю грамадзянаў на комплекс праблемаў, у тым ліку і фінансавага крызісу.

Тым часам, як паведамляе АНТ, у адзіным не заблякаваным аэрапорце «Утапао», што знаходзіцца за 160 км ад Бангкоку, знаходзіцца каля 50 беларускіх турыстаў, што чакаюць чаргі на вылет з Тайлянду.

Зона вылету гэтага аэрапорту можа абслужыць адначасова толькі паўтысячы чалавек. Але такі стан справаў палохае ня ўсіх. Паведамляецца пра групу нашых суайчыньнікаў што рыхтуюцца накіравацца на адпачынак у неспакойную краіну. Не з пужлівых і расейскія турысты. Шмат хто зь іх не зважае на прызнаньне расейскім МЗС Тайлянду непажаданай для турызму краінай ды рашэньне расейскіх турапэратараў спыніць продаж тураў.

Нагадаем, што патрабуючы адстаўкі прэм’ер‑міністра Тайлянду Самчая Вангсавата, прыхільнікі Антыўрадавага дэмакратычнага альянсу заблякавалі сталічныя аэрапорты. Адбылася гэта ў самы разгар турыстычнага сэзону. У краіне застаюцца каля 300 тысячаў замежных турыстаў, за мяжой чакаюць вяртаньня на радзіму каля 3000 тайцаў.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0