Сьпявачка ў апошні дзень падала заяўку на беларускі адбор да «Эўрабачаньня». А засьпяваць нечакана вырашыла на роднай мове. Тэкст для новага хіта Дакоты напісаў паэт Глеб Лабадзенка.

У інтэрвію месяц таму яна пакрыўдзілася на беларускіх чыноўнікаў ад культуры, якія адмыслова яе не падтрымліваюць. Хоць у той жа Расеі 18‑гадовая Дакота напраўду папулярная артыстка з мноствам фан‑клюбаў у дзесятках гарадоў. Аднак паўдзельнічаць у беларускім адборы яе пераканалі прадзюсэры і расейскі Першы канал, зь якім у сьпявачкі падпісаны кантракт.

Дакота: «Я пабачыла, што за маёй сьпінай такая падтрымка, і вырашыла паспрабаваць. Песьня ўжо амаль гатовая. Я прасьпяваю ад імя ўсіх дзяўчат і нявест, якія не дачакаліся каханых з вайны.
Музыку напісала я, а тэкст — паэт Глеб Лабадзенка. У яго словы я дадала нешта ад сябе, атрымаўся творчы тандэм».

Расейскія прадзюсэры падтрымалі ідэю Дакоты, а сама сьпявачка мяркуе, што надышоў час паказаць Эўропе, што ў нас ёсьць родная мова і на ёй можна сьпяваць прыгожыя песьні.

«У мінулым годзе я была на «Эўрабачаньні» ў Бялградзе, — узгадвае Дакота. — Тады я пачула нямала прыгожых песень на розных мовах сьвету. Краіны прадстаўлялі свае культуры, свае мовы. І мне стала крыўдна, што беларусы увесь час сьпяваюць па‑англійску, бо найперш трэба паказаць сваю родную мову».

Гэта ня першая беларускамоўная песьня Дакоты. Высьветлілася, што сьпявачка напісала ўжо не адну кампазыцыю на роднай мове. Але яе фаны пакуль ніводную з іх не пачулі.

Дакота, дарэчы, ледзь не адзіная выканаўца, якая хацела б засьпяваць на Эўрабачаньні па‑беларуску. Як паведаміла прадзюсэр «Эўрафэсту» Настасься Ціхановіч, сярод заявак пераважаюць песьні па‑расейску і па‑англійску.

З асноўных канкурэнтаў Дакоты выступяць Пётра Ялфімаў, Гюнэш, гурт Litesound, Вольга Плотнікава, Аляксандар Патліс і іншыя. Але канкурэнты беларускую мову не выкарысталі.

«Але некалькі беларускамоўных песень усё ж будзе, — кажа прадзюсэр Анастасія Ціхановіч. — Хоць вядомыя артысты ў асноўным выбіраюць англійскую мову».

Такім чынам, упершыню ў гісторыі на «Эўрабачанні» можа прагучаць беларускамоўны супэрхіт. Дакота без ваганьняў прасьпявала невялікі ўрывак сваёй песьні:

«Сонца тваім агнём ратуе нас на досьвітку сусьвету,

Дзесьці ідзе вайна, а дзесьці людзі думаюць пра лета.

Можа, ты мой герой, ці ты са мной, ці можа не бяз рэшты,

Ды кроплі на акне…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?