Канстанцін Раманюк

Канстанцін Раманюк

21 кастрычніка чэская паліцыя ў аэрапорце Прагі «Рузіне» арыштавала двух мужчынаў, якія падазраюцца ў забойстве беларуса Канстанціна Раманюка,
паведамляе сайт www.ceskenoviny.cz.

Найхутчэй, што абодва арыштаваныя зьяўляюцца грамадзянамі Казахстану. Яны прыляцелі ў Прагу з Масквы. Арышт для іх быў поўнай нечаканасьцю, яны спрабавалі аказаць фізычны супраціў.

28 жніўня ў праскім раёне Мале Хухле супрацоўнікі сарціроўкі адкідаў знайшлі ампутаваную чалавечую руку. Пазьней паліцэйскі патруль у Госьціваскай плаціне знайшоў ступак ад правай нагі. На абедзьвюх частках цела быў практычна аднолькавы разрэз.

Сьледзтва і генэтычная экспэртыза высьветлілі, што часткі цела належаць зьнікламу бязь вестак 24‑гадоваму беларусу Канстанціну Раманюку, які раней атрымаў у Чэхіі статус палітуцекача. У вышук Раманюк быў аб’яўлены яшчэ 27 жніўня, за дзень да знаходкі адной з частак цела.

Парэшткі хлопца ня так даўно былі пахаваныя на ягонай радзіме ў вёсцы Бобр Крупскага раёну. Канстанцін быў адзіным дзіцём у сям’і.

Паводле нашай інфармацыі,

Раманюк фактычна ня ўдзельнічаў у палітычным жыцьці. Толькі аднойчы запомніўся акцыяй з вывешваньнем бел‑чырвона‑белага сьцяга над будынкам добрускага сьпіртзаводу.

Прычыны эміграцыі былі хутчэй эканамічныя — ягоную фірму абклалі вялікімі штрафамі.

Перацягнуў Канстанцін да сябе ў Прагу і дзяўчыну з Жодзіна. У Празе ён жыў ужо трэці год. З прадстаўнікамі эміграцыі ён таксама амаль не кантачыў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?