Па выезьдзе з Астраўца была затрыманая машына лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, апроч самога палітыка ў аўтамабілі знаходзіліся мясцовы актывіст партыі Іван Крук, адзін зь лідэраў «Маладых дэмакратаў» Аляксандар Сергіенка, а таксама журналіст Вадзім Казначэеў.

З раніцы Анатоль Лябедзька быў у Ашмянах, дзе раздаваў на рынку улёткі адносна хуткага прадпрымальніцкага страйку, а таксама супраць будаўніцтва АЭС. Потым той самы сцэнар паўтарыўся ў Астраўцы.

Калі лідэр АГП спрабаваў выехаць з гораду ў вёску Міхалішкі, дзе, магчыма, збудуюць АЭС, ягоную машыну затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Цяпер Лябедзька разам з сваімі папутчыкамі знаходзіцца ў астравецкім РУУС. Сам палітык даў пісьмовыя тлумачэньні адносна раздачы ўлётак. Паводле Івана Крука, у пастарунак прыехаў і начальнік мясцовага КДБ сп.Шмурэй.

Цяпер міліцыянты канфіскоўваюць улёткі, які атрымалася знайсьці ў машыне. Адміністрацыйныя пратаколы пакуль ні на каго не складалі.

***

15:44 Анатоля Лябедзьку адвезьлі ў камэндатуру памежных войскаў. Прычына - парушэньне правілаў знаходжаньня ў пагранічнай зоне. У пастарунку склалі пратакол аб канфіскацыі ўлётак.

***

17:29 Усіх затрыманых адпусьцілі.

Падчас вобшуку машыны былі канфіскаваныя 1 200 улётак да прадпрымальніцкага маршу, 300 -- "аб свабодзе СМІ", і 25 дыскаў зь перадачамі "Белсату".

Паводле словаў Анатоля Лябедзкі, уся гэтая прадукцыя будзе праходзіць экспэртызу наконт наяўнасьці ў ёй антыдзяржаўнага зьместу.

У пагранічнай камэндатуры Гудагай намесьнік начальніка прапанаваў затрыманым напісаць заяву , што ў памежнай зоне яны знаходзіліся транзітам, пасьля чаго ўсіх зноў адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак.

Там А. Лябедзьку папрасілі напісаць заяву, што ён ня мае прэтэнзій да дзеяньняў міліцыянтаў. Палітык згадзіўся, але напісаў, што мае прэтэнзіі да палітычнага кіраўніцтва краіны. Міліцыю гэты адказ цалкам задаволіў. На тым і разышліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?