Дзяржстат абнародаваў эканамічную статыстыку за кастрычнік. Яна фатальная: проці верасня адток укладаў склаў 6%, рознічны таваразварот знізіўся на 3,8%, аб'ём прамысловай прадукцыі скараціўся на 2,9%. Валютная выручка зменшылася проці жніўня на 25%.

Бывай, спажывецкі бум. Першы раз за доўгія гады за кастрычнік аб'ём рознічнага таваразвароту не вырас. Нават знізіўся — на 3,8%. Гэта значыць, насельніцтва адчула эканамічныя цяжкасці і завязала кашалі.

Кастрычнік стаў таксама першым месяцам падзення аб'ёму прамысловай прадукцыі. Ён скараціўся ў параўнанні з вераснем на 2,9%. Сярод рэгіёнаў больш за усіх зменшыла абароты Гродзенская вобласць — мінус 10%. Віцебская скараціла вытворчасць на 7,3%, Мінская — на 5,9%, а Гомельская вобласць на 2%.

Кастрычнік стаў чорным месяцам для чорнай металургіі Беларусі.
Зніжэнне вытворчасці ў гэтай галіне, найбольш адчувальнай да сусветнага фінансавага крызісу, склала 23,7%.

Адбыўся абвал вытворчасці трамвайных вагонаў (на 66,7%), электрапыласосаў — на 51,7%, электраплітаў — на 46,9%, макаронных вырабаў — на 23,1%, матацыклаў — на 19,5%, мінеральных угнаенняў — на 12,3%, алею — на 11,2%, тэлевізараў — на 8,7%, трактароў — на 7,1%. Прыкметна прытармазіла цэментавая прамысловасць — на 2,5%.

Гэтыя галіны шмат у чым завязаныя на замежныя рынкі, дзе назіраецца падзенне попыту.

Непрыемнасць чакае і золатавалютныя запасы:

валютная выручка зніжаецца трэці месяц запар.
Са жніўня па кастрычнік ад прададзенай за мяжу прадукцыі паступіла валюты менш амаль на 25%. У верасні падзенне склала 12,9% у дачыненні да жніўня, у кастрычніку — на 16,1% у адносінах да верасня. Гэта самы нізкі паказчык ад студзеня 2008 года.

Тым часам за 10 месяцаў запасы гатовай прадукцыі выраслі на 43,2%.

Больш за ўсё на складах пыліцца гадзіннікаў. Іх запасы ў 29,1 разу перавышаюць сярэднемесячную вытворчасць. Запасаў нашых няякасных ільняных тканінаў больш у 7,1 разу, ваўняных тканінаў у 4,7 разу, садавіна-гароднінных кансерваў — у 3,6 разу (войска наесца ўволю), цукру ў 3,3 разы, пральных машынаў у 2,55 разу, тэлевізараў — на 118,3%.

Рост таварных запасаў пацвярджае пагаршэнне сітуацыі ў замежным і ўнутраным гандлі.

Акрамя таго, аналітыкі агенцтва ПРАЙМ-ТАСС зважаюць на тое, што ўвод у эксплуатацыю жытла ўпаў у кастрычніку ў параўнанні з папярэднім месяцам больш як у пяць разоў — да 168,8 тыс. кв. м.

Беларусь з лагам у месяц-два паўтарае ўсе негатыўныя тэндэнцыі, што маюць месца ў Расіі ды іншых краінах, якія крызіс зачапіў найбольш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?