І празь дзесяць гадоў геніяльны праект «Народны альбом» зьбірае поўныя залы ўдзячнай публікі.

Канцэрты «Народнага альбому», гледзячы на ажыятаж ля касаў, здольныя зьбіраць вялікія пляцоўкі. Але падаецца, што для праекту лепш пасуюць камэрныя памяшканьні — Малая зала КЗ «Менск» або Вялікая сцэна Купалаўскага.

Сёлета ўдзельнікі праекту вырашылі зламаць традыцыю і даць два канцэрты. Карэспандэнт «НН» наведаў першы з іх.

***

Вечар пачаўся з традыцыйным спазьненьнем. Зала хутка запоўнілася людзьмі, шмат хто меў на грудзях значак з лягатыпам кампаніі «Будзьма», якія раздавалі на ўваходзе. Нехта з гледачоў з першага шэрагу пасьпеў пакласці ў капялюх, што ляжаў на сцэне сярод інструмэнтаў, тысячную купюру.

І тут нарэшце пачалося. «Пад прыгнётам панскiм», сьледам «Маладое пiва». «Матку Боску Вострабрамскую» выйшла сьпяваць Вераніка Круглова, якая дзеля канцэртаў адмыслова прыехала з Бэрліну. Вераніка відавочна радавалася менскай публіцы.

Калі Вольскі і таварышы ліха адсьпявалі «Эх, змагалiся…», Міхал Анемпадыстаў маралізатарскім тонам нагадаў у мікрафон, што шмат піць дрэнна і нельга так увогуле рабіць. Тое ж «нельга»ён сказаў і пра «Кантрабандыста», чым выклікаў абурэньне Касі Камоцкай: «Свабодная Эўропа!

Палякаў пазбавілі занятку, які яны дзесяцігодзьдзямі рабілі з душой!».

Лявон Вольскі супакоіў Касю, маўляў, ня той ужо час на двары, эканамічны крызіс, разумееце. Пад націскам Анемпадыстава музыкі згадзіліся і са шкоднасьцю шпіянажу. Чым далей, тым часьцей паміж песьнямі музыкі спрачаліся і жартавалі, перамаўляліся з залай, аж пакуль Лявон Артуравіч не прапанаваў зладзіць ток‑шоў.

«А зараз народная песьня, адна з дзвюх народных у гэтым альбоме, астатнія — антынародныя» — анансаваў габрэйскую «Lomir zech iberbetn» Анемпадыстаў. На крэсла ўсеўся Аляксандар Памідораў і радасна адзначыў прысутнасьць ахвяраваньня ў капелюшы:

«Ой, кто‑та палажыл немнога дзенюжек!»

А цяпер трэба падумаць, бо «Я, дажалю, ня пан» — песьня сур’ёзная, папярэдзіў вядучы.

Звыклага перапынку на тым месцы, дзе «большасьць некалі перакладала касету», гэтым разам не было. Недзе пасля «Адэлькі» ды «Аргентынскага танга» спадар Міхал расказаў коратка пра кампанію «Будзьма», пры падтрымцы якога адбыўся канцэрт. Уладзіміру Арлову і мастаку Змітру Герасімовічу былі прэзэнтаваныя фірмовыя торбы кампаніі з боханам хлебу. Такім чынам быў уганараваны плён працы пісьменьніка ды мастака — кніга «Краіна Беларусь».

Потым былі Казік ды Юзік, паміж якімі на «лузе» адбылася «бітва дабра са злом». Дзякуючы Аляксандру Памідораму рэпавыя матывы надзейна прыжыліся ў «Народным альбоме». «Дарагiя маi масквiчы» і «Надзенька» былі цёпла сустрэтыя публікай, бадай, як і заўсёды.

Апошнія радкі «Надзенькі» сьпявалі ўсёй заляй колькі разоў.
«Сьнежань, студзень i люты» выканала Круглова, скончыўшы песьню какетлівым «ча‑ча‑ча». «Майскую песьню» яна сьпявала побач з Вайцюшкевічам.

Задумаўшыся, мабыць, пра нешта сваё, дадала лішняе «раз‑два‑тры». Зьміцер не разгубіўся і падтрымаў былую жонку «айн‑цвай‑драй». «Простыя словы» зала падтрымала стоячы, атрымаўшы ў падарунак кароткі паўтор насамрэч народнай песьні. Але ўгаварыць музыкаў на большае не ўдалося: «Прыходзьце заўтра, дарагія сябры!»

Хто ня здолеў патрапіць на канцэрты сёлета, няхай не перажывае — у наступным годзе ўдзельнікі праекту абяцаюць даваць па некалькі канцэртаў.

«Lomir zech iberbetn» Аляксандра Памідорава.

Паэт і мастак, а тут вядучы канцэрту Міхал Анемпадыстаў.

«Я, да жалю, ня пан». Сьпявае Лявон Вольскі

«Ать-два левой». Піт Паўлаў і Сяргей Ахрамовіч

«Ну зачэм нам атчызну дзяліць?» пытаецца Кася Камоцкая.

«Ходзіць па лузе бяз гузіка Юзік». Аляксандар Памідораў і Вераніка Круглова.

Сяргей Ахрамовіч задумаўся пра наступствы фінансавага крызысу.

«Айн-цвай драй» Зьмітра Вайцюшкевіча і Веранікі Кругловай.

Тэкст і фота Сямёна Печанка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру