Улады абразаюць заробак бюджэтнікаў. Не афішуючы таго, урад зьнізіў тарыфную стаўку 1 разраду з 91 тыс. рублёў да 77 тыс. рублёў (на 15,4%) з 1 сьнежня.

Стаўка ўжываецца для вылічэньня аплаты працы ў арганізацыях, фінансаваных зь бюджэту.

Пра гэта паведаміла інфармацыйная кампанія Інтэрфакс-Захад, спасылаючыся на пастанову ўраду №1818 ад 29 лістапада 2008 году, тэкстам якога валодае агенцтва.

Ні на сайце беларускага ўраду, ні на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ні на сайце pravo.by такой пастановы ня зьмешчана, хоць ёсьць пастановы з далейшай нумарацыяй.

Такім чынам, пастанова ўраду адмяняе пастанову Савету міністраў, згодна зь якой тарыфная стаўка з 1 лістапада вырасла з 73 тыс. да 91 тыс. (на 24,7%).

Прычым увосень меркавалася напачатку павысіць тарыфную стаўку з 1 кастрычніка, але павысілі толькі з 1 лістапада.

Да гэтага ж тарыфная стаўка павышалася ў красавіку 2008 году з 70 тыс. да 73 тыс. рублёў.

З улікам 14-працэнтнай інфляцыі гэта азначае зьніжэньне

рэальнага заробку.

У лістападзе прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў пра неабходнасьць скараціць дзяржаўныя выдаткі на 5 трыльёнаў рублёў (каля 2,3 млрд даляраў), што складае 12% расходнай часткі бюджэту, нагадваюць naviny.by. І такую прапанову падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Цяперашняе скарачэньне - частка гэтага вялікага зацягваньня пасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?