«Знешэканомбанк» Расіі пераймае кантроль над самымі ласымі заводамі. А хто старшыня назіральнай рады ВЭБу? Уладзімір Пуцін. Піша ў расійскім выданні gazeta.ru Аляксей Міхайлаў.

У верасні ў выніку сусветнага крызісу расійскія мільярдэры страцілі трэць уласнасці. Іх кампаніі набралі крэдытаў, а плаціць няма чым. Крах. Каб захаваць хоць нешта, прадпрымальнікі гатовыя ісці на саступкі тым, хто дае грошы. А грошы мае дзяржава. Пераразмеркаванне прыватнай уласнасці ідзе без наўпростай нацыяналізацыі, але з дапамогай дзяржкампаній. Добраахвотнае, але па цэнах у 4, 10 і 100 разоў ніжэйшых, чым тыя, па якіх уласнікі бізнесу адмаўляліся яго прадаць год таму.

Найбольш магутны інструмент пераразмеркавання, што знаходзіцца ў руках ураду, — «Знешэканомбанк» (ВЭБ). Велізарныя рычагі ўплыву на гэты працэс ёсць і ў руках «Цэнтрабанку» Расіі (ЦБР).

Галоўныя падзеі ў частцы перадзелу ўласнасці наперадзе, і звязаныя яны з будучай дэвальвацыяй, якая прывядзе да вялікіх праблемаў банкаў, будаўнічых кампаній, тураператараў.

Пазыкі расійскіх кампаній і банкаў складаюць $500 млрд. Магчымасці іх рэфінансавання з дапамогай заходніх крэдытаў практычна няма. Таму быў прыняты закон аб размяшчэнні ў ВЭБе дэпазіту ад Банку Расіі на $50 млрд і прадастаўленні за яго кошт крэдытаў для рэфінансавання расійскіх кампаній і банкаў.

На якіх умовах дае крэдыты ВЭБ?

Што звяртае увагу — гэта шырокія паўнамоцтвы банку ў дачыненні да даўжнікоў. Застава перадаецца ВЭБ, агульны памер крэдытных ставак з пазычальнікаў не павінен перавышаць $2,5 млрд (але быў перавышаны пры выдачы крэдыту кампаніям Алега Дзерыпаскі ў $4,5 млрд);

ВЭБу даецца права безакцэптнага спісання сродкаў для пагашэння крэдыту з любых рахункаў пазычальніка; без згоды ВЭБу пазычальнік не можа прыцягнуць крэдыт ці выпусціць каштоўныя паперы; без згоды ВЭБу немагчыма прадаць (закласці) маёмасць у памеры больш за 10% актываў пазычальніка, абавязковае ўключэнне прадстаўнікоў банку, а таксама рэкамендаваных ім кандыдатаў у органы кіравання пазычальніка (у выпадку з пазыкай для унікальнага камбінату «Нарнікель» прадстаўнік дзяржавы ўключаецца ў раду дырэктароў не пазычальніка, а «Нарнікелю». Прычым мае найвышэйшую пасаду.)

Паўнамоцтвы ВЭБу куды большыя, чым у кансорцыумаў заходніх банкаў,
што пракрэдытавалі расійскія кампаніі. Яны нават выходзяць за рамкі трымальніка блокпакету акцый, хоць акцыянерам ён не становіцца. І практычна нічым не абмежаваныя.

Захоча ВЭБ — задаволіцца цяперашняй заставай для перафінансавання кампаній, захоча — пашырыць яе. Захоча — дасць пагасіць пазыку, а можа аўтаматычна спісваць грошы з рахункаў даўжніка.

Такія паўнамоцтвы, відавочна, выходзяць за рамкі банкаўскай дзейнасці і адкрываюць прастор для прыняцця «палітычных» рашэнняў пра лёс кантрольных пакетаў найбуйнейшых расійскіх прадпрыемстваў, якія апынуцца ў распараджэнні ВЭБу.

У красавіку «Русал» Дзерыпаскі набыў у Прохарава пакет акцый «Нарыльскага нікелю» памерам 25% +2 акцыі за $7 млрд і 11% акцый «Русалу». На гэтыя мэты «Русал» узяў сіндыкаваны крэдыт у заходніх банкаў аб’ёмам $4,5 млрд, заклаўшы 13% акцый. З часу заключэння ўгоды кошт акцый «Нарнікелю» ўпаў больш чым удвая. Financial Times пісала, што патрабаванні да даплаты былі да $4 млрд. Пагасіць патрабаванні крэдытораў удалося, павялічыўшы прадмет заставы да 25%.

Гэтага замала. «Русал» звярнуўся ў ВЭБ. Рашэнне прынялі аператыўна. Цяпер акцыі, якія паўгоду таму былі больш за $14 млрд, перададзеныя ў залог ВЭБу за $4,5 млрд. У»Русалу» практычна няма шанцаў выкупіць пакет у ВЭБу — ён усё яшчэ вінны Прохараву $2,5 млрд (ці 4% акцый «Русалу»).

Другая вядомая ўгода ВЭБу. У 2007 г. «Альфа‑груп» заклала ўвесь свой пакет у «Вымпелкоме» (44%) пад два выпускі аблігацый, выкупленых лонданскім філіялам Deutsche Bank. У кастрычніку праз зніжэнне каціровак «Вымпелкому» ўзніклі ўмовы, што дазвалялі банку патрабаваць датэрміновага пагашэння пазыкаў. «Альфа» атрымала крэдыт у ВЭБе. На канец кастрычніка кошт 44% «Вымпелкому» па цэнах НЁФБ складаў больш за $5 млрд. У канцы 2007 г. гэты пакет каштаваў болей за $20 млрд. Ён закладзены ў ВЭБе за $2 млрд.

Як бачым, даўжнікі ў адчайнай сітуацыі. Яны самі прыйшлі ў ВЭБ і гатовыя на самыя кабальныя ўмовы.

Але хто распараджаецца працэсам выдачы крэдытаў ВЭБу? Назіральная рада банку.

Яе старшыня — Уладзімір Пуцін.

Таму ВЭБ набывае буйныя пакеты акцый кампаній праз выдачу крэдытаў за кошт валютных рэзерваў Банку Расіі. Атрымаюць кампаніі гэтыя заставы ці не — паглядзім праз год. Але гэта — праца «вялікімі мазкамі». А ёсць яшчэ інструмент «тонкай настройкі». ВЭБу дадзена 6,4 млрд даляраў са сродкаў Фонду нацыянальнага дабрабыту да канца году на «падтрымку расійскага фондавага рынку». Да канца лістапада палова ўжо патрачана.

gazeta.ru

Фота на галоўнай старонцы AP

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0