Сумесная праца гітарыста, што канструюе ракеты, і флейтыста, які працуе на радыё. Яўген Канавалаў — зорка беларускага року 1960‑х (ён граў у першых беларускіх рок‑гуртах «2+2», «Алгарытмы» і «Эльфы»).

Ён выступае на блюзавых сэйшнах ды запісвае для сябе інструментальныя п’ескі. Віктар Сямашка вядзе самую цікавую музычную праграму ў айчынным FM‑эфіры «Новая зямля». Іх «Блуканні» — для тых, хто любіць цягучыя інструментальныя развагі кшталту саўндтрэку Ніла Янга да фільму «Мярцвяк». Усяго на дыску «дзевяць спантанных імправізацыяў».

Свядома Яўген і Віктар пазначылі трэкі толькі нумарамі — хай слухачы самі даюць ім назвы, бо такая музыка можа выклікаць розныя асацыяцыі. Назва самой працы тлумачыцца проста — Канавалаў з Сямашкам блукаюць па стылях, эпохах і часах.

Да ўсяго пры запісе альбому былі скарыстаныя разнастайныя гукі: размова маленькай дзяўчынкі, гукі лесу ды арэляў, абарыгенскія танцы пад «Лявоніху» ды шмат яшчэ маласпалучальных між сабой рэчаў. Шукаць у «Блуканнях» логікі не варта. Трэба проста слухаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?