Еўрасаюз відавочна аддае перавагу гнуткім інструментам. Раней гэта быў візавы бізун (спіс неўязных чыноўнікаў), але барацьбе з рэжымам ён дапамог як хваробе кашаль. Цяпер вось кіраўнік мінскага офіса Еўракамісіі сп. Хальцапфель кажа пра «гнуткі інструмент для дыялогу». Мы, маўляў, наўмысна не складалі дарожнае карты ці пакрокавай стратэгіі, каб мець абсяг для манеўру.

Гаворка ідзе пра тэставы перыяд да 13 красавіка 2009 года, калі сыходзіць тэрмін замарозкі тых самых санкцый. За гэты час Мінск мусіць прадэманстраваць прагрэс у выкананні 12 сакральных умоў Бруселя. Аўтар, далібог, не ўпэўнены, што іх наўскідку згадае нават мэтр-палітолаг. А ўжо пра тое, каб рэжым іх выканаў, не мараць і самыя адпетыя ідэалісты. Гэты быў бы ўжо не той рэжым.

Карацей, будзем лічыць тыя 12 ўмоў нечым кшталту маральнага кодэксу будаўніка камунізму.

Але ж і рэальнага маршруту прагматычнага збліжэння на аглядны перыяд — то бок дарожнай карты, пра каторую столькі казалі эксперты, — як высвятляецца, няма.

Еўропа дзьме на ваду. Яна ўжо апяклася на выбарах. Заходнікі дзяўблі: гэтая кампанія стане для беларускіх уладаў тэстам на жаданне… і г.д. У выніку атрымалі анучай па твары: «стэрыльная палата»! А ўжо ж узялі кірунак на нармалізацыю, і так неахвота зноў у акопы вайны з «апошняй дыктатурай»!

Давялося глытаць пілюлю.

І цяпер вось Еўрасаюз страхуецца гумавым паняткам «прагрэс».

Нашы бязмежна літасцівыя ўлады вярнулі ў распаўсюд два брэнды незалежнай прэсы. Нібыта прагрэс. Але ж яшчэ дзесяткі паўтара газет, выкінутых некалі з кіёскаў ды каталогаў, застаюцца за бортам. А новы закон аб СМІ? Паводле слоў еўрадэпутата Яцэка Пратасевіча, гэты медыйны закон — адзін з самых жорсткіх у Старым свеце. Калі ў лютым ён пачне дзейнічаць у цяперашнім драконаўскім варыянце, то у сферы СМІ атрымаецца класічнае: крок наперад, два крокі назад. А калі яшчэ адмысловай пастановай накінуць хамут на сеціўную вольніцу?

Такі ж супярэчлівы працэс можа быць і па іншых кірунках. Ну правядуць нашы дзеячы на пару з АБСЕ нейкі семінар датычна ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Вось, прыслухоўваемся, асэнсоўваем еўрапейскі досвед, але ж, шаноўныя паны, хутка толькі коткі пладзяцца!

Хаця на добры лад можна было б зрабіць эфектны крок. Не асуджаць апазіцыю на сізіфаву працу — збор 50 000 подпісаў дзеля ўнясення на разгляд заканадаўцаў праекта паправак ў Выбарчы кодэкс. Гэта ж самае — унесці дакумент у палату — мае права любы дэпутат. Вось і давядзіце, што палата не кішэнная!

Ці вось што тычыцца нармальных умоў для партый і трэцяга сектара. Тут мала не біць па галаве дручком. Мо перастаньце адфутбольваць Мілінкевіча ці БХД — хай нарэшце зарэгіструюць свае структуры!

Карацей, менавіта зараз дарожная карта надта прыдалася б. Канечне, не трэба выстаўляць завоблачныя патрабаванні, бо тутэйшыя дзеячы з іх імпульсіўным норавам могуць даць такі «адказ Чэмберлену», што ўся разрадка напружанасці — сабаку пад хвост.

Але ціснуць варта гранічнай канкрэтыкай. Ну і на пернікі, вядома, не забывацца.

Дарма думаць, што беларускаму начальству так ўжо хочацца зноў у акопы. Найхутчэй што яно, склаўшы ў куфар камуфляж, ужо замаўляе смокінгі дзеля свецкіх раўтаў у еўрапейскіх сталіцах. І па дробязях гатовае саступаць. Палітыка — мастацтва магчымага, і ў гэтым сэнсе логіка «гнуткіх інструментаў» зразумелая. Чакаць тут каляровай рэвалюцыі заходнія паліттэхнолагі замучыліся.

Галоўнае ж, бадай, на што разлічвае Захад: рэформы праз не хачу пачынаюцца тады, калі канчаюцца грошы. Што не зробяць 12 умоў, тое можа зрабіць сусветны крызіс.

А паводле Аляксіса Таквіля, «самы небяспечны момант для кепскага рэжыму — калі ён пачынае рэфармавацца».

Важна толькі, каб гульні між Мінскам і Бруселем не ператварыліся ў аналаг «саюзнага будаўніцтва». Што там будуюць і што не могуць падзяліць — перманентны рэбус для асаў аналітыкі.

Зразумела, у дачыненнях цяперашняга беларускага кіраўніцтва з ЕС ёсць далікатныя моманты, які да пары да часу лепей абмяркоўваць за дыпламатычнымі кулісамі. Але ж увогуле працэс нармалізацыі стасункаў па лініі Мінск — Брусель мусіць стаць болей празрыстым. Каб у часткі нашай дэмакратычнай супольнасці не было ўражання, што яе «прадынамілі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?