У Вілейскім раёне ўвечары 10 лістапада ў пасажырскі цягнік падлеткі кінулі камяні. Цяпер іх шукае міліцыя, піша kraj.by

Як паведаміла намеснік начальніка Вілейскага РАУС Кацярына Млечко, у міліцыю інфармацыя аб здарэнні паступіла ў 18.50.

Машыніст пасажырскага цягніка Мінск — Полацк паведаміў, што ў цягнік невядомыя кінулі некалькі камянёў. Праязджаючы прыпыначны пункт «Зеніт», у святле пражэктара машыніст заўважыў двух чалавек, з выгляду падлеткаў. Яны знаходзіліся непадалёк ад чыгуначных шляхоў.

Пасля гэтага практычна адразу пачуўся характэрны гук. Камяні не патрапілі ў вокны, таму сур'ёзных пашкоджанняў не зафіксавана. Незапланаваных прыпынкаў у сувязі з інцыдэнтам не было.

Вілейскі РАУС праводзіць праверку. Супрацоўнікі міліцыі шукаюць зламыснікаў. Прававая ацэнка здарэнню яшчэ не дадзена. Аднак гаворка можа ісці і аб крымінальнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0