Нягледзячы на атрыманне крэдыту, золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся за лістапад на $276,8 млн, або на 7%.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, на 1 снежня 2008 года склалі $3,775 млрд. Яны скараціліся за лістапад на $276,8 млн, паведамляе Нацбанк.

А дзе ж мільярд даляраў, атрыманых ад Расіі ў якасці крэдыту? Выходзіць, што за два месяцы Беларусь развяла на падтрыманне курсу і іншыя выдаткі аж 1,4 мільярда даляраў. Улічваючы тое, што паступленні валюты з-за мяжы ў кастрычніку скараціліся проці жніўня аж на 25%, такое выглядае цалкам рэалістычным.

Якім жа чынам статыстыка тое хавае?

У хітраспляценнях разабралася Агенцтва фінансавых навінаў.

Згодна з паведамленнем Нацбанку, у кастрычніку 2008 году ЗВР скараціліся ўсяго на $68,1 млн., у той час як усе чакалі больш значнага зніжэння на фоне рэзкага (на 504,6 млн толькі па даляравых таргах)
перавышэння попыту на валюту на таргах БВФБ над прапановай. Гэтая лічба выклікала чуткі, што Нацбанк нешта круціць.

Скажам так — не афішуе. Так,

у апошні дзень кастрычніка — 31 кастрычніка — на міжбанкаўскім рынку была зафіксаваная вельмі цікавая ўгода па аднадзённых крэдытах у замежнай валюце на суму 623,3 млн даляраў,
што ў шмат разоў вышэй за сярэднядзённы аб'ём рынку. Прычым нейкі замежны банк надаў гэты крэдыт па стаўцы, якая і блізка не стаяла з узроўнем рынкавых ставак па крэдытах overnight на сусветным рынку (6-8%) і пагатоў на беларускім рынку (12-15%) — усяго пад 0,5%.

Гэты аднадзённы крэдыт быў аўтаматам залічаны ў ЗРВ, што дазволіла Нацбанку заявіць пра ўсяго толькі нязначнае зніжэнне актываў (без крэдыту было б зніжэнне на ўзроўні $691 млн.), прадухіліць магчымую паніку, выратаваць твар беларускай эканамічнай мадэлі і г.д.

3 лістапада, у першы ж працоўны дзень лістапада, гэты крэдыт прыйшлося вярнуць. Пасля была прынятая пастанова аб мерах па стабілізацыі валютнага рынку. Аднак і яна не дапамагла.

Адмоўнае сальда на таргах на БВФБ у кастрычніку склала $504,6 млн, а золатавалютныя рэзэрвы знізіліся (без уліку згаданай міжбанкаўскай угоды) на $691 млн. У лістападзе ж адмоўнае сальда на таргах БФВБ (у абодвух выпадках – гаворка толькі пра таргі далярамі) склала $569,3 млн, а золатавалютныя резервы (без уліку расейскага крэдыту і вяртання аднадзённага крэдыту) знізіліся на $653,7.

Так што маніпуляцыі статыстыкай далі толькі кароткатэрміновы эфект.

Цікава, якога паходжання быў мільярд даляраў, вызначаны на падтрыманне Белаграпрамбанку ў першыя дні снежня.

У цяперашняй сітуацыі атрыманне крэдыту МВФ робіцца для беларускага рубля пытаннем жыцця або смерці.

ЗВР скарачаюцца чацвёрты месяц запар: да таго яны знізіліся на $459,7 млн у верасні і на $44,6 млн у жніўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?