Удзельнікі 26-й Генеральнай канферэнцыі па мерах і вагах, якая праходзіць у Парыжы, прынялі гістарычнае рашэнне аб пераазначэнні чатырох з сямі асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак — кілаграма, ампера, кельвіна і моля. Гэтым рашэннем кілаграм быў «адвязаны» ад матэрыяльнага носьбіта-эталона, і зараз вызначаецца праз пастаянную Планка. З гэтага моманту ўсе адзінкі сістэмы адзінак прывязаныя да фундаментальных фізічных канстант.

Да гэтага дня адзінка масы, кілаграм, была прывязаная да цыліндра са сплаву плаціны і ірыдыю, які захоўваецца ў французскім горадзе Сеўр. Вынікі некалькіх міжнародных параўноўванняў нацыянальных копій, вырабленых з таго ж матэрыялу, паказалі што іх масы змяняюцца адносна галоўнага эталона ў дыяпазоне ± 50 мікраграмаў за 100 гадоў. Наколькі пры гэтым змянілася маса галоўнага эталона — невядома, паколькі яго няма з чым параўноўваць.

Дзякуючы новаму вызначэнню кілаграма, кожная краіна зможа вырабляць эталонную ўстаноўку самастойна ў любы час, не звяртаючыся да параўнання з галоўным эталонам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?