Сабор беларускіх святых

Сабор беларускіх святых

У Петрапаўлаўскай царкве ў Мінску з’явілася новы абраз, на якой выяўленыя разам усе беларускія праваслаўныя святыя. Тут і Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Апанас Берасцейскі (Філіповіч), праведная Сафія Слуцкая, пакутнік дзіцятка Гаўрыла Беластоцкі, прападобны Генадзь Магілёўскі, Віленскія пакутнікі Антоній, Іаан і Яўстафій — усяго 59 святых і пакутнікаў. Стварыў абраз малады мастак Міхаіл Зубовіч.

Дарма што на тэрыторыі Беларусі паасобныя беларускія святыя заўсёды карысталіся вялікай папулярнасцю сярод праваслаўных вернікаў, але Сабор беларускіх святых — з’ява новая.

Усё пачалося ў 1984 годзе пасля хадайніцтва мітрапаліта Філарэта да маскоўскага патрыярха аб стварэнні такога сабору. Гэта быў неабходны захад паводле традыцый Расейскай Праваслаўнай царквы. Неўзабаве дазвол з Масквы быў атрыманы.

Першапачаткова сабор складаўся з 14 святых, але ў 1990-я адбыўся шэраг кананізацый.
У беларускіх гарадах зазвычай віселі саборныя іконы з выявамі збольшага расейскіх святых. Толькі самыя выбітныя беларускія святыя, такія як Эўфрасіння Полацкая, траплялі на саборныя іконы.

У 80-я гады пачалося стварэньне іконаў, так бы мовіць, з групавымі партрэтамі беларускіх святых. Першы падобны вобраз быў напісаны для дамовага храма ў гонар Усіх Беларускіх Святых, які размяшчаецца ў рэзідэнцыі мітрапаліта Філарэта. Пасля падобныя абразы з’явіліся ў Горадні і Заслаўі. Былі створаныя саборныя іконы і ў іншых беларускіх гарадах, але

абраз у Петра-Паўлаўскай царкве ў Менску — найбольш поўны паводле колькасьці кананізаваных асобаў.
Хіба на гэтай іконе ўжо не стае трох асобаў, што былі далучаныя да ліку святых у самыя апошнія гады.

Тацяна Матрунчык, супрацоўніца выдавецкага аддзелу Брацтва Віленскіх пакутнікаў, уважае інстытут беларускіх святых справай пільнай для духоўнага жыцця краіны. «Ведаеце, яны ж нашыя найбліжэйшыя хадайнікі перад Госпадам, так бы мовіць, нашы духоўныя сваякі», — кажа Матрунчык.

2009 год абвешчаны Беларускай Праваслаўнай царквой Годам беларускіх сьвятых.
Мала хто ведае, што ў праваслаўным календары ёсьць нават святкаванне Сабору, то бок Дзень беларускіх святых, які адзначаецца ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы (Сёмухі).

Варта дадаць, што ў першую нядзелю пасля Тройцы святкуюць Дзень Усіх Святых, а ў другую – Дзень Усіх Святых Зямлі Рускай. Дзень жа святога Кірылы Тураўскага — гэта 11 траўня, а 5 чэрвеня – дзень Эўфрасінні Полацкай, заступніцы Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?