Лідарам па тэмпах росту заробкаў у краіне сярод відаў эканамічнай дзейнасці ў бягучым годзе з'яўляецца дзяржаўнае кіраванне, паведамляе TUT.BY са спасылкай на часопіс Мінфіна «Фінансы, улік, аўдыт».

«За 9 месяцаў рэальная заработная плата ў гэтай сферы (дзяржаўныя службоўцы і кіраўнікі дзяржарганізацый) вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га на 30,6% і склала ў грашовым эквіваленце 1 280,7 рубля», - паведамляе выданне.

Для параўнання: сярэдні заробак па краіне ў студзені-верасні склаў 932,3 рубля.

Пры гэтым у цэлым па краіне па ўсіх сферах дзейнасці ў студзені-верасні рэальная зарплата, якая разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, вырасла на 12,2% да аналагічнага перыяду 2017 года. Да прыкладу, у спецыялістаў, якія займаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі і дзейнасцю ў галіне інфармацыйнага абслугоўвання, рэальныя зарплаты за год выраслі на 6%, у будаўнікоў - на 13,3%, у медыкаў - на 11,3%, у работнікаў адукацыі - на 11,6%.

Нагадаем, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава 1 жніўня гэтага года на сустрэчы ў Мінску з прадстаўнікамі спецыяльнай групы рэзерву кіруючых кадраў ад Брэсцкай вобласці заявіла, што ў Беларусі адпрацавалі прапановы па павышэнні прэстыжу дзяржслужбы. «Гаворка перш за ўсё ідзе пра чалавечыя якасці, маральнае аблічча. Гэта асноватворнае. Калі чалавек па сваёй натуры ўмее працаваць з людзьмі, па-добраму да іх ставіцца, то такі дзяржслужбовец, несумненна, адбудзецца», - перакананая Наталля Качанава. «Дзяржаўныя службоўцы - людзі, якія выбралі справай свайго жыцця служэнне дзяржаве і людзям», - дадала яна.

У мае 2017 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба аптымізаваць дзяржапарат, а да гэтага «ні на ёту не павінна быць ніякага павышэння зарплаты».

Адразу пасля даручэння прэзідэнта, паводле афіцыйнай статыстыкі, чыноўнікаў сталі прыкметна актыўней звальняць, чым прымаць на працу. Да прыкладу, па выніках чэрвеня прынятых на працу было на 49,6% менш, чым звольненых, у ліпені - на 40,5%, а ў жніўні - і зусім на 86,5%. Але ўжо ў верасні і кастрычніку сітуацыя змянілася - узялі на працу прыкметна больш, чым звольнілі.

Усяго ж у студзені-кастрычніку мінулага года на працу ўзялі крыху больш за 8,5 тысячы чыноўнікаў, а звольнілі - амаль 13,6 тысячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0