На ютубе з'явіўся новы канал відэагутарак «Баранцава. Інтэрв'ю». Яго вядучая — супрацоўніца радыё «Гумар ФМ» Анастасія Баранцава. 

Анастасія Баранцава, фота з фэйсбука

Анастасія Баранцава, фота з фэйсбука

Пакуль яна апублікавала дзве гутаркі — з бізнэсменамі Аркадзем Ізраілевічам і Віктарам Пракапенем.

Адзін з цікавых момантаў размовы з Пракапенем датычыўся імавернага аб'яднання Беларусі і Расіі.

Пытанне ўзнікла пасля адказу Пракапені пра тое, якой колькасцю нерухомасці валодае ягоная кампанія ў Мінску.

Прыводзім стэнаграму:

Вядучая: […] У вас не было такіх думак, што некалі наша краіна раптам аб’яднаецца з якой-небудзь іншай краінай? І тады той, хто валодае нерухомасцю, можа проста ўжо не працаваць да канца свайго жыцця. Не было ў вас такіх думак?

Пракапеня: Я вам скажу, першае: што ніколі нашая краіна не ўвойдзе ў склад іншай краіны. Прынамсі, пакуль у нас цяперашні прэзідэнт. Гэта раз. Два: што датычыць таго, калі «раптам» нашая краіна ўвойдзе ў склад іншай краіны, той краіны, пра якую вы думаеце, — Расію.

Вядучая: Пра Расію.

Пракапеня: Так, пра Расію.

Вядучая: Хацелася б, канечне. 

Пракапеня: То гэтая нерухомасць не будзе каштаваць нічога. Таму што…

Вядучая: Чаму?

Пракапеня: Гляньце, што адбылася ў Крыме: Крым на сёння стаў такой чарнобыльскай зонай. Крымчукі не могуць перасоўвацца нармальна — ім не даюць візы. На людзей, якія інвестуюць у Крым, накладваюць санкцыі. Туды сусветная супольнасць [не ідзе]… Сістэма міжнароднага права так уладкавана, што захапіць частку чужой краіны або там яна ўвойдзе ў склад…

Вядучая: Мы ж не кажам пра захоп, мы кажам добраахвотнае аб’яднанне. Які захоп? 

Пракапеня: Ніхто такое «добраахвотнае» аб’яднанне не прызнае.

Вядучая: Вы забываеце, што ў Крыме прайшоў рэферэндум. 

Пракапеня: Безумоўна. Рэферэндум, які Беларусь не прызнала.

Вядучая: Беларусь у гэтым дачыненні выдатная: не прызналі, але пры гэтым яны і не за, і не супраць. 

Пракапеня: Беларусь не прызнала рэферэндум. Такі сцэнар прывядзе да таго, што кожнаму беларусу стане жыць нашмат горай. Такі сцэнар прывядзе да таго, што ўся гэтая тэрыторыя будзе пад санкцыямі і інвеставаць сюды будзе немагчыма. Нічога добрага ў такім сцэнары не будзе.

Вядучая: Я ж не тое што… Я, напрыклад, не за…

Пракапеня: Ну вы ж гаворыце…

Вядучая: Але прэзідэнт сказаў… [далей цытуецца фрагмент выступу Лукашэнкі]. 

Пракапеня: Задача кожнага зрабіць максімальна, што ад яго залежыць, каб прыносіць большую карысць, ствараць большую колькасць эканамічных каштоўнасцяў, каб нашая краіна была больш незалежнай. І зноў жа, калі такое адбудзецца, то беларуская нерухомасць не будзе каштаваць нічога, бо яна не будзе патрэбна нікому.

Вядучая: Калі адбудзецца захоп? Вы гэта маеце на ўвазе?

Пракапеня: Калі адбудзецца любога кшталту аб’яднанне, якое не будзе прызнана сусветнай супольнасцю.

***

У размове з «Нашай Нівай» Баранцава запэўніла, што насамрэч казала, што ёй «не хацелася б». 

«Там магло пачуцца, сапраўды. Я насамрэч сказала, што мне не хацелася. Я ўвогуле думаю, што добры інтэрв'юер — той, які не каментуе і толькі пытае», — сказала вядучая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?