Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH кампанія ладзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk.

24 лістапада майстар-клас Дзмітрыя Смірнова аб’яднаў больш за 1000 старшакласнікаў Беларусі: каля 200 вучняў мінскіх школ, а таксама больш за 800 удзельнікаў з 236 навучальных устаноў па ўсёй краіне.

«У школе вельмі мала ўвагі надаюць развіццю камунікацыйных навыкаў, — перакананы Дзмітрый Смірноў. — Што мы ў выніку маем? Выходзяць прэзентаваць свой праект двое, і гэта выглядае так: «Эээ, добры дзень. Ну, мы зараз вам раскажам… Эээ… Можа быць, вам будзе цікава…».

Адным з практыкаванняў, якія прапаноўваў выканаць Дзмітрый, было прыдумаць ідэю, для чаго можа спатрэбіцца вось такая люстэркавая агароджа. 

Каб годна прэзентаваць свой (безумоўна, варты) праект, трэба мець у галаве дакладны план, перакананы трэнер Дзмітрый Смірноў.

Мы прапаноўваем яго занатаваць і карыстацца тады, калі вам давядзецца выступаць перад вялікай аўдыторыяй.

1. Аўдыторыя

Той, хто зацікаўлены ў прасоўванні свайго праекта, абавязкова мусіць задумацца, на каго разлічаная яго прэзентацыя. 

Нельга моладзевай аўдыторыі прэзентаваць праект доўгімі закручанымі сказамі — аўдыторыя проста не пачуе.

2. Ідэя

На гэтым этапе правальваецца маса стартапаў, мяркуе трэнер, паколькі большасць тых, хто прэзентуе свой праект, не могуць зразумець розніцы між тэмай праекта і яго ідэяй. Хоць насамрэч усё проста.

Ідэя — гэта тое, што застанецца ў галовах, тая думка, якую аўдыторыя забярэ з сабой.

3. Пачатак

Не менш важна прадумаць, з чаго будзе пачынацца абарона праекта.

Парадак «завязка, развіццё і кульмінацыя дзеяння» працуе толькі ў класічнай літаратуры. У публічным выступе чапляць трэба адразу.

Для паспяховай прэзентацыі варта памятаць «правіла чатырох С».

  • Сваё — аўдыторыю заўжды чапляе, калі прамоўца прапускае прэзентацыю праз сябе. Раскажыце, чаму тэма вам блізкая.
  • Скандал — гэта тое, чым карыстаецца, напрыклад, Ілан Маск.

Адзін са сваіх выступаў на TED Ілан Маск пачаў з таго, што заявіў: яны рыюць яміну пад Лос-Анджэлесам, што ператворыцца ў 3D-сетку танэляў, якая зменшыць колькасць коркаў на дарогах. Пасля такой скандальнай заявы ён пачаў дэманстраваць сваю прэзентацыю.

  • Сенсацыя — спосаб прыцягнуць увагу да свайго праекта яго навізной, акцэнтаваць на тым, чаго раней не было.
  • Смех — пачаць сваю прэзентацыю з жарту, гумару — бяспройгрышны варыянт.

Дзмітрый згадаў выступы Эла Гора, які свае прамовы на экалагічныя тэмы пачынае з гумару. Напрыклад, ён разыгрывае ўсхліпы і дзякуе за падтрымку. Маўляў, яна яму так патрэбная. Пасля, перад тым, як перайсці да сваёй прэзентацыі, расказвае цікавыя і смешныя выпадкі са свайго жыцця.

4. Аргументацыя

Аргументаваць праект, вядома, трэба фактамі. А каб аргументацыя не ператварылася ў сухі пералік ісцін, трэба дадаць у выступ эмоцый.

Распавядзіце гісторыю, падключыце ўяўленне аўдыторыі, сыграйце на вобразах і аналогіях. І ні ў якім разе не заканчвайце словамі: «Ну ўсё».

5. Канцоўка

Напрыканцы выступу вярніцеся да ідэі, будзьце смелымі і пераканаўчымі ў падсумаванні. Толькі пасля гэтага падзякуйце за ўвагу і развітайцеся.

Асобна варта адзначыць афармленне прэзентацый. Вельмі і вельмі кепска імкнуцца ўвесь тэкст свайго выступу ўціснуць у прэзентацыю. Яна павінна звяртаць на сябе ўвагу важнай лічбай, малюнкам, а не дубляваць увесь выступ (яшчэ і дробным шрыфтам).

А вось як паводзіць сябе падчас прэзентацыі праекта, Дзмітрый Смірноў і іншыя спікеры распавядуць падчас другога майстар-класа, які адбудзецца ў суботу, 8 снежня. Куды падзець рукі? Як гаварыць? Куды глядзець? Як перамагчы страх перад вялікай аўдыторыяй? Адказы на ўсе гэтыя пытанні можна будзе пачуць ужо праз два тыдні.

Паглядзець майстар-клас «Майстэрства прэзентацыі» і далучыцца да жывога эфіру наступных сустрэч можна тут: www.voka.tv

«Такія заняткі — гэта выдатная магчымасць для старшакласнікаў увасобіць у жыццё свае ідэі і ініцыятывы. А каб школьнікі атрымалі неабходны досвед, мы прапануем ім узяць удзел у серыі воркшопаў — навучыцца выступаць, выказваць свае думкі перад вялікай аўдыторыяй і рабіць гэта на роднай, беларускай мове», — зазначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Варта сказаць яшчэ некалькі словаў пра атмасферу, якая панавала падчас майстар-класа ў зале. Да звычайнага ўрока яна была падобная хіба тым, што на пытанні трэнера ўзнімаўся ў літаральным сэнсе лес рук.

Старшакласнікі разам з трэнерам спрабавалі прадаць міні-пігаў і патлумачыць, якая ідэя можа быць у кававаркі, прымацаванай да будзільніка.

Калі ішла гаворка пра вобразы, хлопцы і дзяўчаты спрабавалі пераказаць, якім яны ўбачылі гіганцкі выключальнік і каня з пяску.

Пасля «ўрока» стала зразумелым, што не так складана прадстаўляць свой праект, як пераканаць у яго вартасці аўдыторыю.

Але Дзмітрый Смірноў абяцаў, што на пытанне «як?» адкажа 8 снежня.

Пасля таго, як адбудуцца майстар-класы па майстэрстве выступаў і майстэрстве лідараў, пачнецца трэці конкурсны этап праекта velcom YOUTH. На гэтым этапе (з 20 студзеня па 20 лютага) старшакласнікам трэба будзе ажыццявіць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства — майстар-клас, дэбаты або дыскусію па абранай тэме.

Відэаролік з прэзентацыяй рэалізаванага праекта і тлумачэннем яго значнасці і перспектыўнасці неабходна змясціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH і даслаць спасылку на [email protected]

Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў патрапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з найлепшымі ментарамі. Іх выступы пройдуць на выніковай імпрэзе TEDxMinsk у маі 2019 года.

Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы — мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным кірунку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру