Запавольванне тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі чакаецца ў першым паўгоддзі 2009 года. Няма пэўнасці і з другім паўгоддзем.

У сувязі з гэтым Мінэканомікі прапануе зацвердзіць разбіўку паказчыкаў прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі на першы і другі кварталы наступнага года, заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка.

«Аб’ектыўна ацэньваючы перспектывы завяршэння гэтага году і сітуацыю пачатку будучага года,
відавочна, што праблем у 2009 годзе менш не стане», ‑‑ сказаў ён. Таму для пабудовы рэальнай траекторыі сацыяльна‑эканамічнага развіцця па даручэнню прэм’ер‑міністра Беларусі падрыхтаваны праект паквартальнай разбіўкі значэнняў асноўных мэтавых паказчыкаў на 2009 год.

Мікалай Зайчанка паведаміў, што ў гэтай разбіўцы на першы і другі кварталы прадугледжаны больш нізкія тэмпы росту паказчыкаў з іх кампенсацыяй у другой палове году пры наяўнасці больш спрыяльных макраэканамічных і знешніх умоў. Так, тэмп росту ВУП у першым квартале прагназуецца на ўзроўні 105%, у першым паўгоддзі — 107%, інвестыцый у асноўны капітал ‑‑ 104 і 110% адпаведна.

Аднак у працэсе ўзгаднення гэтага дакумента органы дзяржкіравання настойваюць на паніжэнні прапанаваных узроўняў значэнняў на першы і другі кварталы. Таксама, улічваючы няпэўнасць наступстваў сусветнага фінансавага крызісу, Мінэканомікі прапануе зацвердзіць паквартальную разбіўку паказчыкаў прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі толькі на першы і другі кварталы 2009 года, а з паказчыкамі на другое паўгоддзе вызначыцца з улікам вынікаў работы эканомікі ў першым паўгоддзі.

У цэлым Мікалай Зайчанка лічыць, што сітуацыя ў эканоміцы вельмі складаная, цяжка прадказальная і патрабуе ад усіх максімальнай адказнасці, мабільнасці, аператыўнага і поўнага выканання прымаемых рашэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?