Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by.

Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by.

Перад пятым турам Лігі Еўропы БАТЭ меў усяго адну перамогу пры трох паразах, але шанцы на прахадное з групы другое месца ўсё адно заставаліся. Для гэтага абавязкова трэба перамагаць венгерскі «Відзі» дома і грэчаскі ПАОК у гасцях.

Гульня з «Відзі» ў Барысаве праходзіла пры дзевяціградусным марозе. А па адчуваннях увогуле было мінус шаснаццаць. Не заўсёды даводзіцца гуляць у такіх экстрэмальных умовах. Таму, магчыма, і гледачоў было не так шмат, як на папярэдніх матчах з ПАОКам і «Чэлсі».

БАТЭ пачаў гульню вельмі дзёрзка і энергічна. Ужо на трэцяй хвіліне Мікалай Сігневіч някепска выйшаў на рандэву з кіперам венграў, але не зусім па цэнтры, прабіў зусім побач са штангай. Аляксандр Глеб, якога трэнер БАТЭ Аляксей Бага выпусціў на поле разам з Іванічам, звыкла баяўся ўзяць на сябе адказнасць пры ўдарах па варотах.

Адзіны гол у першым тайме быў забіты на 22-й хвіліне. За барысаўскі клуб згуляў кутні. Стасевіч навесіў, а Сігневіч па-майстэрску галавой перавёў мяч у далёкі кут — 1:0.

Венгры ў стартавай палове таксама мелі магчымасць забіць. Ягор Філіпенка не ўсачыў за сваім праціўнікам і збіў яго на самай мяжы штрафной плошчы. Вельмі небяспечны штрафны ўзяўся выконваць Хусці. Удар атрымаўся магутным і вельмі шчыльным. Нехта з гульцоў БАТЭ падскочыў, таму мяч трапіў у створ, але Шчарбіцкі ўтаймаваў гэты ўдар. У той момант давялося па-сапраўднаму пахвалявацца.

У другім тайме небяспечных момантаў было не так шмат. Аднак адзначыцца галамі маглі абедзве каманды. У БАТЭ Мірка Іваніч выходзіў на ўдарную пазіцыю, але мяч саскочыў з нагі.

Зрэшты, адзначыцца чарнагорцу ўсё адно атрымалася. Венгры ішлі вялікімі сіламі наперад. Часта не думаючы пра абарону. У адной з такім атак Іваніча пакінулі аднаго, ён атрымаў мяч і трапна прабіў у блізкі кут — 2:0. Матч так і скончыўся з такім лікам.

Варта адзначыць, што гульня БАТЭ згубіла ў другім тайме ў дынамічнасці пасля замены Аляксандра Глеба, хаця і не скажаш, што Глеб гэтак ужо дырыжыраваў атакамі сваёй каманды, але ягоная прысутнасць дадавала камандзе ўпэўненасці.

Чэлсі сёння разграміў ПАОК 4:0

Становішча камандаў: Чэлсі — 15, БАТЭ — 6, Відзі — 6, ПАОК — 3.

Цяпер у БАТЭ самы важны матч з ПАОКам у Грэцыі.

БАТЭ трэба гуляць унічыю ці перамагаць ПАОК. Варта дадаць, што «Відзі» будзе дома гуляць з нематываваным «Чэлсі». Гульні пройдуць 13 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?