«Наша Ніва» ўводзіць рэгістрацыю каментатараў. Гэта не наш капрыз, а патрабаванне заканадаўства (на нашу думку, бессэнсоўнае і дурное, але што зробіш). Мы вырашылі спалучыць абавязковае з карысным і заадно стварыць Клуб Нашай Нівы.

Навошта трэба Клуб чытачоў?

«Наша Ніва» — прыватнае выданне, мы цвёрда захоўваем незалежнасць ад уладаў і роўнааддаленасць ад палітычных сілаў і бізнэс-колаў. У НН вялікая верная аўдыторыя, якая цэніць выданне і падзяляе нашы ідэалы незалежнасці, беларускасці і прававой дзяржавы.

Мы стараемся адпавядаць часу, адгукацца на запыты чытачоў, таму ствараем новыя прадукты: толькі сёлета мы запусцілі глянцавы часопіс «Наша гісторыя», запрацавала беларускамоўная Афіша, стартаваў праект відэагутарак «Ток».

Клуб чытачоў ствараецца для таго, каб дапамагчы «Нашай Ніве» развівацца і надалей.

Раней газеты мелі папяровую версію. Купляючы яе, чытачы фінансавалі выданне. Цяпер для карыстальнікаў стала нашмат зручней атрымліваць інфармацыю ў інтэрнэце. Аднак выданням па-ранейшаму трэба зарабляць не толькі на рэкламе. Фінансаванне чытачамі дазваляе не залежаць толькі ад бізнэсу, ці толькі ад спонсараў. Нашай Ніве важна залежаць найперш ад сваіх чытачоў, гэта зарука сувязі з вамі.

Як уступіць у Клуб?

Каб стаць сябрам Клуба чытачоў, трэба зарэгістравацца ў адпаведным раздзеле сайта (club.nn.by). Сяброўства ў клубе пакуль бясплатнае, але з цягам часу мы прапануем усім ахвотным аплаціць невялікую суму. Сябры Клуба будуць мець доступ да платнага кантэнту, напрыклад, артыкулаў «Нашай гісторыі», а таксама да іншых платных паслуг.

У той жа час нам важна, каб беларусацэнтрычны погляд разыходзіўся як мага шырэй, таму мы захаваем бясплатны доступ да навін.

Так будавалі сваю мадэль не толькі «Нью-Ёрк таймс», «Газета выборча», але і выданні меншых, сувымерных з Беларуссю краін, дзе гаворка не толькі пра атрыманне інфармацыі, а і пра нацыянальную салідарнасць.

Уступіць у Клуб

«Вы што, у Беларусі гэта немагчыма!»

Так кажа шмат хто. Плаціць за тое, што знаходзіцца ў інтэрнэце, для многіх пакуль нязвыкла. Але з цягам часу да гэтага ўсё адно давядзецца прыйсці. Памятайце, што існаванне СМІ, незалежных ад дзяржавы, — неабходная ўмова для нармальнага развіцця краіны.

«Наша Ніва» першай у Беларусі рашаецца на такі крок. Мы верым у вас, нашых чытачоў — даследаванні паказваюць, што ў «Нашай Нівы» верная, актыўная і заможная аўдыторыя.

Якія перавагі атрымаюць сябры Клуба?

Пачынаючы з гэтага месяца, «Наша Ніва» пачне ўводзіць платны доступ да некаторых артыкулаў. Гэта будуць артыкулы «Нашай гісторыі», архіўныя матэрыялы, але не толькі. Для сяброў Клуба ўсе артыкулы будуць бясплатныя.

Карыстальнікі змогуць купляць адзінкавы доступ да асобных артыкулаў. Сяброўства ж будзе дазваляць чытаць іх неабмежаваную колькасць.

Нарэшце, сяброўства ў Клубе — гэта статус. Быць фундатарам першай беларускай газеты, сутворцам нацыі прэстыжна.

Новае ў каментаванні на сайце

Што да каментавання, то, калі ласка, пастаўцеся да новаўвядзенняў спакойна і з разуменнем. Ідэнтыфікацыю дастаткова прайсці адзін раз, а пасля вы зможаце пісаць пад сваім нікам, як і раней.

Для многіх «Наша Ніва» — гэта адзіная магчымасць выказвацца па-беларуску ва ўшчэнт русіфікаваным грамадстве. Не спыняйце пісаць каментары на NN.by. Для нас жыццёва неабходна чуць вашы галасы!

Штодня на «НН» прыходзіць да 1500 самых розных каментаў — і ўхвальных, і дыскусійных, і абураных. Гэта трэцяя па папулярнасці пляцоўка для абмеркаванняў сярод беларускіх СМІ.

Чыноўнікі хацелі б, каб голас грамадства ў інтэрнэце заціх. Расчаруйце іх — давайце пакажам, што гатовыя і надалей выказваць сваё меркаванне.

Як стварыць акаўнт?

Калі вы захочаце пакінуць каментар, сайт прапануе вам зарэгістраваць акаўнт. Яго можна стварыць з нуля, а можна для зручнасці прывязаць да свайго профілю ў Гугле, Фэйсбуку альбо Укантакце.

Самае галоўнае — прыдумайце сабе нік. Гэта ваша імя на сайце, таму абярыце яго ўзважана. І не забудзьцеся пра надзейны пароль, каб яго ніхто не змог узламаць.

Не хвалюйцеся, гэтай інфармацыі не пабачаць іншыя карыстальнікі.

Нарэшце, вам трэба будзе атрымаць СМС-код. Укажыце свой нумар мабільніка і націсніце «атрымаць код». Праз некалькі секунд на ваш тэлефон прыйдзе адпаведнае паведамленне з нумарам, увядзіце яго. Гэта трэба зрабіць толькі адзін раз, пры рэгістрацыі.

Усё, цяпер ваш каментар будзе дасланы мадэратару. Калі паведамленне не парушае Правілы мадэрацыі, яно будзе неўзабаве апублікавана на сайце.

Што пра мяне даведаецца дзяржава?

Інфармацыя пра зарэгістраваных карыстальнікаў захоўваецца на серверы NN.BY. Хостар адказвае за тое, каб яна не трапіла ў чужыя рукі. Дзяржава можа запатрабаваць інфармацыю пра карыстальніка толькі калі, напрыклад, заводзіцца крымінальная справа. У прынцыпе, для чытачоў мала што змяняецца — міліцыя і раней мела тую ж магчымасць пры патрэбе вызначыць IP-адрас таго ці іншага інтэрнэт-карыстальніка. Але не было ніводнага выпадку, каб некага прыцягвалі да адказнасці за меркаванне, апублікаванае на нашым сайце. Мы так і так не публікавалі і не будзем публікаваць каментаў, якія парушаюць нормаў законаў і прыстойнасці.

Ці магу я выдаліць свой акаўнт?

Так, у адпаведнасці з заканадаўствам. Мы павінны на ўсялякі выпадак захоўваць інфармацыю пра вас яшчэ на працягу паўгода, але пасля выдалім яе.

Ці магу я зарэгістраваць некалькі нікаў?

На адзін тэлефонны нумар можа быць зарэгістраваны толькі адзін акаўнт. Калі ў вас некалькі нумароў — рэгіструйце розныя нікі на іх.

Рэгістраваць абавязкова на беларускі нумар?

Не, вы можаце зарэгістравацца на нумар любой краіны свету. НН чытаюць на ўсіх кантынентах. Будзьце і вы часткай нашай моцнай беларускай супольнасці.

Зарэгістравацца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?