«Праваабарончы альянс», які ўзначальвае Людміла Гразнова, уручыць прэміі за пасьпяховую працу ў галіне абароны правоў чалавека. Арганізацыю заснавалі ў 2005 годзе. Сёлета ўпершыню адбудзецца ўручэньне прэмій ляўрэатам.

Сёння, дарэчы, спаўняецца 60 гадоў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека – Сусьветны дзень абароны правоў чалавека.

Сябры «Праваабарончага альянсу»

прызналі лепшай працу ў галіне абароны правоў чалавека журналіста «НН» Сямёна Печанко, адвакаткі Тамары Сідарэнкі і праваабаронцы Барыса Звозкага.

Старшыня «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова патлумачыла, што стала галоўным крытэрам для вылучэньня на прэмію:

«У нас шмат вельмі добрых людзей у галіне абароны правоў чалавека. Гэта вядомыя асобы, вядомыя журналісты, вядомыя адвакаты. Трэба было вызначыць толькі тры кандыдатуры. Мы сачылі, каб гэта была ня толькі сёньняшняя праца, але шматгадовы ўнёсак у гэтую дзейнасьць. Каб людзі працавалі ня толькі прафэсійна, але ўкладалі сваю душу. Душа ‑‑ гэта вельмі важна».

Людміла Гразнова заўважыла, што раней ў арганізацыі не было магчымасьці ўзнагароджваць людзей прэміямі і сёлета гэта адбывацца ўпершыню. Яна лічыць, што такім чынам грамадзкасьць зьверне ўвагу на тых людзей, якія дапамагаюць іншым адстойваць свае правы.

«Мы дапамагаем тым грамадзянам, якія пакутуюць ад несправядлівасьці беларускіх судоў. Мы праводзім маніторынг. Але гэта ня самае галоўнае. Галоўнае, што нехта з нас можа працягнуць руку дапамогі і выцягнуць чалавека з вельмі складаных абставінаў».

Радыё Свабода

***

Нагадаем, таксама, што сёлета Сямён Печанко пацярпеў за сваю журналісцкую дзейнасць. 25 сакавіка ён быў затрыманы падчас асвятлення для сайту і газеты акцыі на Дзень Волі.

На наступны дзень судом Маскоўскага раёна сталіцы Сямён Печанко быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Журналісту паставілі ў віну тое (паказанні г.зв. "сведкаў"), што падчас затрымання ён крычаў "Ганьба" і "Жыве Беларусь". Адзін з міліцыянтаў-сведкаў таксама сказаў, што ў журналіста з сабой быў сцяг.

У журналіста быў на грудзях выяўны бэдж, ён не меў з сабой сцяга і выконваў прафесійныя абавязкі.

***

Юлія Дарашкевіч - лаўрэат прэміі Хартыі'97

Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2008 год. У намінацыі «За асабістую мужнасць» узнагароджваюцца Аляксандр Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Галіна Юбко. У намінацыі «За адстойванне прынцыпаў свабоды слова» прэмію атрымлівае Юлія Дарашкевіч.

Юлія Дарашкевіч

Фотакарэспандэнт газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч прадстаўляе тых адважных беларускіх журналістаў, якія, нягледзячы на ціск з боку ўлад, працягваюць прафесійна выконваць свае абавязкі. Дзякуючы фатаграфіям Юліі Дарашкевіч, свет сёння ведае аб барацьбе беларусаў за свабоду і абуральных парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне. Гэтую далікатную дзяўчыну з фотаапаратам можна ўбачыць на ўсіх акцыях пратэсту апазіцыі, у будынкаў судоў, дзе праходзяць палітычныя працэсы, у гушчы ўсіх падзей беларускага жыцця. Яе прафесіяналізм адзначаўся журналісцкімі прэміямі. Сваімі здымкамі Юлія Дарашкевіч сёння фіксіруе найноўшую гісторыю Беларусі.

Аляксандр Баразенка

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка 9 снежня 2008 года быў прысуджаны да 1 года абмежавання волі без адбыцця пакарання ў папраўчай установе. Малады апазіцыянер праходзіў па так званай «справе 14-ці», узбуджанай супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Увесну 2008 года, падчас суду над дэманстрантамі, Аляксандр Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, дзе працягваў вучобу пасля выключэння з менскага ўніверсітэта за палітычныя погляды. Моладзевы актывіст добраахвотна прыехаў у Менск і прыйшоў да следчага, бо лічыў, што ні ў чым не вінаваты і не павінен адчуваць страх за тое, што ўдзельнічаў у справядлівай акцыі па абароне правоў людзей. Аднак проста ў кабінеце следчага Баразенку арыштавалі. Апазіцыянер правёў паўтара месяцы ў следчым ізалятары і ўчора быў вызвалены з залы суду. Па словах Баразенкі, у турме яго падтрымлівалі словы Яна Паўла II: «Не бойцеся!».

Андрэй Кім

У красавіку 2008 года моладзевы лідэр Андрэй Кім быў прысуджаны да 1,5 год пазбаўлення волі. Маладога чалавека асудзілі за адстойванне правоў прадпрымальнікаў падчас акцыі пратэсту, а таксама на падставе сфальсіфікаваных паказанняў супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка ДАІ. Андрэй Кім стойка перанес 8-месяцовыя турэмныя выпрабаванні і быў вызвалены ў жніўні 2008 года па патрабаванні беларускай і міжнароднай грамадскасці. Мужнасць Андрэя Кіма натхняе сёння беларускую моладзь у барацьбе за свабоду сваёй краіны.

Сяргей Парсюкевіч

Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, былы маёр міліцыі Сяргей Парсюкевіч у красавіку 2008 года быў прысуджаны да 2,5 год калоніі агульнага рэжыму. У турме на Акрэсціна, падчас арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, апазіцыянер быў жорстка збіты ахоўнікам Аляксандрам Дулубам. Пазней супрацоўнік Акрэсціна, каб пазбегнуць абвінавачванняў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Парсюкевіча ў збіцці. Сваю віну прадпрымальнік не прызнаў. Палітвязень адбываў тэрмін у калоніі і быў вызвалены ў жніўні 2008 года. У сітуацыі, калі ўлады мэтанакіравана знішчаюць прыватны бізнэс, Сяргей Парсюкевіч не пабаяўся адкрыта выступіць у абарону сваіх правоў.

Галіна Юбко

3 гады таму ў сям’і Галіны Юбко адбылася страшная трагедыя — была забітая і спаленая ейная родная сястра Кацярына. Праваахоўныя органы адразу ж заявілі, што гэта самагубства. Але Галіна Юбко сабрала і працягвае збіраць факты і доказы, на якія не звярнулі ўвагі ні следства, ні суд. Па прафесіі інжынер-тэхнолаг харчовай прамысловасці жанчына вымушаная была сысці з працы, каб цалкам прысвяціць сябе пошуку справядлівасці ў справе смерці сваёй сястры. Усе гэтыя гады Галіна Юбко напісала дзясяткі скарг і заяваў генеральнаму пракуратуру і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Але чыноўнікі даюць жанчыне фармальныя адпіскі. Галіна Юбко не апускае рукі і мае намер падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Дамагаючыся праўды ў справе смерці сястры, жанчына стала дапамагаць людзям, якія сутыкнуліся з такой жа несправядлівасцю, як і яна. Галіна Юбко дапамагае ім пісаць скаргі, заявы, дамагацца прыёму ў высокапастаўленых чыноўнікаў і адстойваць свае правы.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Артур Фінькевіч, Павел Севярынец, Мікола Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта прыхода святога Іосіфа ў г.Менску Івона Мацукевіч, праваабаронца Валерый Шчукін, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітзняволенага Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Ўладзімір Плешчанка, абаронцы Курапат, творчае аб’яднанне «Пагоня», музычныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Хартыя’97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?