Блогер Ілля Варламаў выявіў чарговы фэйк расійскай прапаганды, які меў дачыненне і да Беларусі. Да пятай гадавіны Майдану на расійскім Першым канале выйшаў сюжэт аб жыцці Украіны.

У роліку з’яўляецца нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка, які лашчыць ката і расказвае пра тыя жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасля Майдану: «Нічога мне асабіста не даў Еўрамайдан. Вось, паглядзіце, дзе мы аказаліся. Трэба было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся без цяпла, з дарагой энергіяй, і незразумела, калі ўсё гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?!» — абураўся «Кірыл Чубенка».

Так выглядаў «Кірыл Чубенка» на расійскім ТБ.

Так выглядаў «Кірыл Чубенка» на расійскім ТБ.

Аднак высветлілася, што «Чубенку» сыграў жыхар горада Мінска Віталь Юрчанка. Знаёмыя Юрчанкі адпісаліся Варламаву ў сацыяльных сетках, што гэта сапраўды беларус, а ніякі не жыхар Крывога Рога.

Віталь Юрчанка сам звязаўся з рэдакцыяй «Нашай Нівы», каб распавесці сваю гісторыю. Хлопец бясконца паўтараў, што яму сорамна за гэтую сітуацыю.

А гэта ўжо Віталь Юрчанка. Фота Настассі Роўды.

А гэта ўжо Віталь Юрчанка. Фота Настассі Роўды.

«Я працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая з’яўляецца пасярэднікам між тэлеканаламі і аператарамі па ўсім свеце. Напрыклад, дзесьці здараецца землятрус — і тэлеканалам трэба адтуль ролік, мы шукаем аператара.

Прыйшла замова ад Першага канала Расіі зняць сям’ю ці чалавека ў Крывым Розе ва Украіне, які пакутуе ад адсутнасці газу і дарагога ацяплення. Такога чалавека знайшлі, знялі матэрыял, даслалі нам. Сам я па сваіх абавязках ніяк не ўзаемадзейнічаю з аператарамі, таму не быў у курсе, што яны здымаюць.

Потым высветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рога быў кепскі гук. Яго было нельга адпраўляць заказчыку. Прынялі абсалютна няслушнае рашэнне — перазняць сюжэт з такім самым тэкстам, што зрабілі ў Крывым Розе. Я не ведаю, ці падпісалі імя таго ж чалавека.

Я ў кампаніі адпрацаваў чатыры месяцы, там працуюць прафесіяналы. Такі выпадак — адзіны. Было прынята такое няслушнае рашэнне, вы бачыце, якія наступствы яно мела.

Мне прапанавалі зняцца ў якасці героя, бо я нядаўна працаваў, маўляў, новы работнік. Я сумняваўся, але паехаў здымацца. Я пабаяўся адмовіцца, хаця ўвесь час сумняваўся. Змаладушнічаў, ці што. Калі ўжо знялі матэрыял, то я нейкі час пахадзіў, пасля папрасіў нічога не адпраўляць у Маскву. А мне адказалі на гэта, што матэрыял ужо даслалі.

Замоўца з Першага канала не быў у курсе, што так адбылося. Нельга было ўжо сказаць «выбачайце, мы вам не тое адправілі». Ролік з’явіўся на Першым канале два з паловай тыдні таму. Мне ўжо тады стала і сорамна, і я спалохаўся. У дзень эфіру трое маіх знаёмых напісалі мне, што пабачылі сюжэт. Я неяк змог ім усё растлумачыць, хаця і пачуў шмат непрыемных словаў пра сябе.

Я не меў ніякага маральнага права ў гэтым удзельнічаць. Гэта супярэчыць усім маім поглядам. Мне сорамна да самай высокай ступені.

Грошай за гэты ролік я не атрымліваў. Проста ўнутры кампаніі папрасілі дапамагчы, а пра наступствы ў той момант я не падумаў. Я не магу знайсці сабе месца. Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх, хто гэта бачыў і не бачыў, калі за такое ўвогуле можна выбачыцца.

Пасля выхаду матэрыяла Варламава мне сталі пісаць у сацыяльных сетках з пагрозамі. Яны мне пішуць жахлівыя словы, а я разумею, што іх заслужыў. Не магу зразумець, як я на такое пагадзіўся.

У канфлікце Украіны і Расіі я не займаю нічыёй пазіцыі. Гэта інфармацыйная вайна, і мне сорамна, што я стаў яе часткай.

Я вучыўся на юрфаку БДУ, скончыў магістратуру па бізнэс-адміністраванні. На практыку трапіў у тую самую кампанію, дзе і застаўся працаваць. Але цяпер я сышоў.

Можа, і добра, што так атрымалася. Калі ў мяне ёсць хоць мінімальны шанец патлумачыць ці выбачыцца, то я хачу ім скарыстацца. Мне бясконца сорамна, гэта ганьба», — расказаў Віталь Юрчанка.

Чытайце: Фэйк для расійскага Першага канала зрабіла агенцтва, якое ўзначальвае былы супрацоўнік БТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?