Выбары ў Хрысціянска-дэмакратычным саюзе скончыліся перамогай 56-гадовай Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр. Яна ўзначаліць партыю, а праз тры гады мае стаць кандыдаткай ад партыі ў канцлеры Нямеччыны.

Раней яна кіравала заходняй зямлёй Саар і толькі нядаўна пераехала ў Берлін. «Так, я ведаю, што маё прозвішча цяжка вымавіць», — жартуе яна. Нямецкая прэса называе яе проста: АКК.

Меркель была дачкой пратэстанцкага пастара, Крамп-Карэнбаўэр — каталічка. Па поглядах яна блізкая да Меркель — як у эканоміцы, так і ў маральных пытаннях, а таксама ў поглядах на Еўрапейскі Саюз і ролю Германіі ў свеце. Яе лічаць здольнай да пошуку кампрамісаў. У Саары яна кіравала ў кааліцыі з Зялёнымі і лібераламі.

Меркель праславілася сваёй здатнасцю кіраваць бесканфліктна і прыслухоўвацца да розных сілаў. Падчас доўгага кіравання Меркель Нямеччына стала безумоўнай лідаркай Еўрасаюза, а Еўрасаюз упершыню стаў успрымацца як сусветны цэнтр сілы. ЕС удалося істотна падняць эканамічны патэнцыял і дабрабыт новых членаў на ўсходзе Еўропы. Узровень жыцця ў Польшчы, Балтыі, Славаччыне наблізіўся да сярэднееўрапейскага, хоць гэта выклікала нараканні ў краінах «старой Еўропы», бо бізнэс масава пераносіў вытворчасць на ўсход.

На з'ездзе ХДС Крамп-Карэнбаўэр атрымала 517 галасоў з 999 у другім туры выбараў. 

Новая кіраўніца хрысціянскіх дэмакратаў вядомая як валявы палітык. У Саары яна спачатку ўзначальвала Міністэрства ўнутраных спраў. Адзначылася яна і цвёрдай лініяй у адносінах да кагэбісцкага рэжыму Пуціна. Пасля нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы яна прапанавала заблакаваць еўрапейскія порты для расійскага флота.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?