Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва

БРАСЛАЎ

Гэты маляўнічы край штолета становіцца для беларусаў сваёй Ніцай – азёры з маляўнічымі астраўкамі вабяць аматараў воднага адпачынку. Адшукаць свабодны дамок на шараговыя выхадныя ў ліпені ці жніўні – задача зусім не з простых, не кажучы пра час аднаго з найбуйнейшых і найгучнейшых летніх фестываляў краіны – Viva Braslav.

Гэты горад сёння – наш турыстычны дыямент. А шмат стагоддзяў таму тут было невялікае мястэчка, якое за сваю доўгую гісторыю перажыло процьму гістарычных канфліктаў. Браслаў – у чарговым выпуску праекта «Гарады Магдэбургскага права».

МЯСТЭЧКА, ЯКОЕ СТАЛА БЕЛАРУСКАЙ НІЦАЙ

Горад як брэнд. Горад як культурны здабытак.

Кантэнт для матэрыялаў мы ствараем з дапамогай супермагутнага Samsung Galaxy Note9.
Браслаў вядомы з 1065 года і ўзгадваецца ў «Хроніцы» польскага гісторыка Мацея Стрыйкоўскага. Трэба сказаць, што навукоўцы ставяцца з пэўным недаверам да яго работ, больш аўтарытэтнай крыніцай лічыцца «Хроніка Быхаўца» – летапісны звод часоў ВКЛ. Менавіта ў ёй ад XVI стагоддзя сустракаецца адна з першых назваў горада – «Браславль».
ЗАМКАВАЯ ГАРА
Паходжанне назвы звязваюць з імем Брачыслава Ізяслававіча – полацкага князя, унука легендарнай Рагнеды і бацькі Усяслава Чарадзея. У часы яго супрацьстаяння з кіеўскім князем Яраславам Мудрым і быў заснаваны Браслаў. (Гэтая версія падмацоўваецца і тым, што ў Беларусі ёсць яшчэ дзве вёскі з такой назвай: адна на беларуска-латышскім памежжы на возеры Сівер, а другая – на поўнач ад Оршы. Гэтыя землі акурат і ўваходзілі ў склад Полацкага княства ў часы Брачыслава Ізяславіча.) Існуе таксама і іншая версія паходжання назвы: ад балцкай асновы «брасла» ці «брод», што магло быць пасля пераасэнсавана славянамі.

БРАЧЫСЛАЎ
Пры Брачыславе на ўзвышшы Браслава з'явіўся ўмацаваны драўляны замак, а побач пасад – паселішча і гандлёва-рамесны цэнтр асноўнай часткі жыхароў. Менавіта наяўнасць пасаду дазваляе навукоўцам адрозніваць сярэднявечныя гарады ад вёсак.
Дзядзінец старажытнага Браслава размяшчаўся на перасмыку азёраў Дрывяты і Навята на Замкавай гары. У часы Брачыслава (1030-я гады) Полацкая дзяржава не ведала варожых нашэсцяў – рэдкі перыяд спакою ў ваяўнічай гісторыі Беларусі ранняга Сярэднявечча.

На замкавай гары цяпер зона адпачынку: стаяць альтанкі, памятны камень з выявай герба і драўляныя скульптуры. Летам тут праходзіць фэст сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава».

На развіццё выцягнутай з усходу на захад планіровачнай структуры Браслава паўплывала яго ўнікальнае месцазнаходжанне: горад стаіць на вузкім перашыйку між азёраў, якія атуляюць горад, на вялікіх адкрытых прасторах. «Азёрныя мусоны» абвяваюць яго з усіх бакоў. У ветранае надвор'е тут адчуваецца атмасфера марскіх узбярэжжаў
Войскі Брачыслава. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
Фота: Wikimedia
Атрыманне Браславам магдэбургскага прывілея расцягнулася на тры стагоддзі. Магчыма, гэтая гістарычная цікавостка – нагода для асобных даследаванняў. Прывілей на частковае самакіраванне горад атрымаў у 1500 годзе, а вось герб – амаль праз 300 год! Толькі ў 1792 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Браславу паўнавартаснае Магдэбургскае права. Шкада, што мясцовыя жыхары не змаглі напоўніцу ім скарыстацца – праз два гады пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, а пасля і ліквідацыя Рэчы Паспалітай.

Герб у Браслава, бадай што, самы таямнічы і пазнавальны сярод беларускіх гарадоў. Яго з'яўленне звязваюць з позняй хрысціянскай іканаграфіяй, якую перанялі і еўрапейскія геральдычныя каноны.

Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохкутнік – хрысціянскае трыадзінства: Айца, Сына і Духа Святога. Сонца – больш старажытны знак і не ўпісваецца ў хрысціянскія традыцыі. Хутчэй за ўсё, ён сімвалізуе прамяні Божай ласкі. Цікава, што неаднойчы, малюючы вока Провіду, мастакі адлюстроўвалі Божае вуха, якое чуе і малітвы чалавека.

МАГДЭБУРГ НА ТРЫ ВЯКІ
ПАЎНОЧНАЯ НІЦА
Нерэгулярная планіроўка з пакручастымі вуліцамі і маляўніча раскіданымі на пагорках камяніцамі надае своеасаблівае зачараванне азёрнай сталіцы.

У Браславе захаваліся ўзоры народнага драўлянага дойлідства, а таксама характэрная ансамблевая забудова «закапанскага» стылю. Пачынальнікам гэтага стылю лічыцца Станіслаў Віткевіч. Менавіта ён у канцы XIX стагоддзя паспрабаваў аб'яднаць польскую народную архітэктуру і стыль мадэрн. Першыя праекты загарадных пансіянатаў і асабнякоў з'явіліся ў курортных Закапанах, што і дало назву стылю, які распаўсюдзіўся па тэрыторыі Заходняй Беларусі – і Браслаў тут не выключэнне.

Архітэктар Юліуш Клос адмыслова для Браслава спраектаваў цэлы архітэктурны ансамбль у закапанскім стылі ў 1920-я. Забудова ўключала жылыя і гаспадарчыя дамкі для польскіх служачых і іх сем'яў. Частка забудовы захавалася да сёння. Унікальны архітэктурны ансамбль горада так моцна ўражваў гасцей, якія прыязджалі сюды адпачываць, што яны жартам сталі называць Браслаў паўночнай Ніцай.

Пакручастыя вуліцы Браслава былі забрукаваныя. Дзе-нідзе ў горадзе і сёння брук прабіваецца праз асфальт, і, магчыма, у будучыні ён яшчэ перажыве рэнавацыю для паляпшэння турыстычнай атмасферы. На адной з такіх вуліц стаіць будынак краязнаўчага музея, які сам з'яўляецца помнікам. Ён быў узведзены з 1933 годзе па ініцыятыве двух братоў з яўрэйскай сям'і Магата, якія размясцілі тут друкарню, што праіснавала да канца 1980-х.

НАРБУТ
З Браславам звязана жыццё доктара Станіслава Нарбута. Трэці сын у сям'і, нашчадак старажытнага роду герба «Трубы», Станіслаў нарадзіўся ў 1853 годзе на Гарадзеншчыне. Старэйшы брат, Людовік, браў удзел у паўстанні Каліноўскага. За гэта сям'я і пацярпела: улады канфіскавалі маёнтак, сям'ю пазбавілі шляхецтва, а ўсіх дарослых выслалі з Беларусі. 11-гадовага Станіслава прытулілі сваякі ў Вільні. Сын «дзяржаўных злачынцаў» не меў права паступаць ва ўніверсітэты Расійскай імперыі, таму Станіслаў атрымаў адукацыю ў Мюнхене ў Баварскім універсітэце.
У родныя мясціны Нарбут вярнуўся доктарам медыцыны. Меў прыватную практыку ў Друі і Браславе. Жаданне дапамагаць простым людзям было настолькі моцным, што за два гады клапатлівы Нарбут адбудаваў у Браславе ўласную цагляную лякарню. (Сёння ў гэтым будынку – скіт Свята-Панцеляймонаўскага манастыра.)
Станіслаў Нарбут разам з сям'ёй. Фота: Wikimedia
Актыўнасць доктара медыцыны не мела межаў. Нарбут заснаваў у Браславе пажарную дружыну, выдаваў газету «Дух Браслава», удзельнічаў у працы мясцовага тэатра. Аўтарытэт і павага да доктара Нарбута сярод гараджан былі неаспрэчнымі, таму пасля яго смерці жыхары Браслава арганізаваліся і сабралі сродкі на дом для яго сям'і. А праз год, у 1927 годзе, на Замкавай гары быў усталяваны за народныя грошы дзесяціметровы абеліск. Зямлю пад помнік аддаў мясцовы жыхар.

КУРОРТ
Маляўнічыя мясціны і ўнікальны прыродны ландшафт не маглі застацца без увагі турыстаў і навукоўцаў. Група азёр Браслаўшчыны, а іх тут не менш за 60, стала асновай нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Парк з'явіўся ўжо ў найноўшай гісторыі Беларусі ў 1995 годзе. Натуральна, што пік актыўнасці ў Браславе прыпадае на лета. Праўда, турыстычны сезон на поўначы Беларусі цягнецца не больш за два месяцы – ліпень і жнівень. Процьма замежных і беларускіх турыстаў займаюць у гэты час усе гатэльныя месцы і арэндныя дамкі.
Летам адбываецца і галоўны фэст Браслава – Viva Braslav. Яго прыдумалі браты Алег і Яўген Лабуці, якія паходзяць з гэтых мясцін. Фестываль, што пачынаўся як гарадская дыскатэка, сёлета наведала больш за 20 тысяч чалавек.
У міжсезонне Браслаў «засынае» і становіцца тыповым беларускім райцэнтрам – частка сядзіб зачынена, а гатэлі пустуюць. Правінцыйныя пейзажы разнастайваюць толькі аматары зімовай рыбалкі, якія выходзяць на лёд, калі ён яшчэ пужліва празрысты. Думаецца, турыстаў у Браславе магло б быць і больш, у любы час, але курортны рэгіён яшчэ толькі спрабуе дамагчыся бязвізавага рэжыму і вядзе дыскусіі пра развіццё сваёй інфраструктуры.