5 чэрвеня ў Жлобіне (Гомельская вобласьць) адміністрацыйная камісія раённага выканаўчага камітэта пастанавіла аштрафаваць Эдуарда Зялянкова – мясцовага маладзёвага актывіста – за налепкі «Дастаў!». Адна жанчына з камісіі спрабавала давесьці, што калі Эдуард не расклейваў налепкі, то, прынамсі, намазваў на іх клей. Трое мясцовых хлопцаў былі затрыманыя міліцыяй і супрацоўнікамі КДБ і абвінавачаныя ў расклейваньні налепак з надпісам «Дастаў!». Раней штрафы ўжо былі накладзеныя на іншых з затрыманых (мы паведамілі аб гэтым 26 траўня).

Распавядае Э. Зялянкоў: «У паказаньнях іншых хлопцаў, якія былі затрыманыя, запісана, што менавіта я гэтыя налепкі не расклейваў. І пры затрыманьні ў мяне налепак не выявілі. Тое ж самае я патлумачыў на паседжаньні камісіі. Аднак участковы міліцыянт сьцьвярджаў, што я нібыта таксама іх клеіў.»

Старшыня камісіі А. Губарэвіч сказаў, што паказаньні аднаго міліцыянта важней, чым іншых асобаў, і камісія пастанавіла аштрафаваць 22-гадовага навучэнца тэхнікума на 62000 рублёў за «распаўсюд друкаваных выданьняў, якія вырабленыя з парушэньнем вызначанага парадку і ня маюць выдавецкіх дадзеных, зьмест якіх накіраваны на прычыненьне ўрону дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў».

На меркаваньне Эдуарда, пра ўзровень працы камісіі сьведчыць наступны факт. Хвілінаў празь 15 пасьля пачатку разгляду справы адна з кабетаў заявіла: «Кожны зь іх вінаваты: адзін трымаў налепку, другі – пэндзаль, трэці – намазваў клей.» Эдуарду давялося адказаць, што калі б жанчына больш уважліва азнаёмілася з матэрыяламі справы, яна б заўважыла, што налепкі былі самаклейныя.

Тэльман Масьлюкоў

belngo.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0