У Брытаніі працягваецца судовы працэс супраць памочніцы Джаан Роўлінг Аманды Дональдсан, якую абвінавачваюць у тым, што яна выдаткавала амаль 24 000 фунтаў пісьменніцы на ўласныя патрэбы, піша bbc.com.
35-гадовая персанальная асістэнтка за грошы аўтаркі «Гары Потэра» купляла сабе дарагую касметыку, каву, катоў.
Дональдсан карысталася крэдытнай картай пісьменніцы, у прыватнасці, яна набыла касметыку на суму 3629 фунтаў.
Сама Аманда Дональдсан, якая працавала на пісьменніцу ад 2014 да 2017 года, абвінавачванні абвяргае.
У судзе муж пісьменніцы Ніл Мюрэй назваў асістэнтку «добрай манюкай».
Паводле яго слоў, спадарыню Дональдсан узялі на працу, каб яна дапамагала Джаан Роўлінг у арганізацыйных пытаннях у бізнэсе і асабістым жыцці.
Пісьменніца падала на сваю былую асістэнтку ў суд у пачатку лістапада.
Як заявіў Ніл Мюрэй, спадарыню Дональдсан звольнілі ў 2017 годзе па падазрэнні ў неправамерных выдатках.
Пытанні ўзніклі з-за зняцця наяўных на суму 400 і 250 фунтаў у снежні 2016 года, якія, як сцвярджала спадарыня Дональдсан, пайшлі на задатак для каляднага абеду.
Бухгалтар раней паведаміў суду, што звязаўся з рэстаранам, і тыя пацвердзілі, што не прасілі пра задатак і не атрымлівалі яго.
Пасля гэтага спадар Мюрэй наўпрост спытаў у Дональдсан аб выдатках.
«Аманда заўсёды падавалася жвавай, трохі балбатлівай і нядбалай. Але тады я ўбачыў зусім іншую асобу», — распавёў муж Роўлінг.
«Яна закрылася ў сабе, заставалася спакойнай і фактычна ашуквала. У канцы сустрэчы мяне ўразіла, наколькі добрай манюкай яна выявілася», — успамінаў спадар Мюрэй.
Муж пісьменніцы распавёў, што разам са спадарыняй Дональдсан у офісе ў Эдынбургу працавалі яшчэ шэсць чалавек.
Зрэшты, такія выдаткі як набыццё касметыкі люкс-брэнда Molton Brown на суму больш як 3,5 тысячы фунтаў не ўваходзілі ў афіцыйны бюджэт.
«Думаю, большасць пакупак рабіла Аманда для Аманды», — дадаў ён, адзначыўшы, што крэдытную картку яна мела выкарыстоўваць толькі для дзелавых або асабістых выдаткаў яе кіраўніцы.
Ён таксама ўспомніў, як даведаўся, што яна прапанавала калегам аплаціць сумесны абед, заявіўшы: «Не хвалюйцеся, Ніл гэтую картку не правярае».
Аманда мела раз на месяц даваць бухгалтэрыі справаздачу па выдатках, разам з чэкамі.
Акрамя крэдытнай карты, яна таксама мела доступ да сейфа з валютай. Адтуль яна, згодна з абвінавачваннямі без дазволу ўзяла суму ў эквіваленце больш за 7000 фунтаў стэрлінгаў.
Неадпаведнасці ў справаздачах заўважылі ў лютым мінулага года.
Джаан Роўлінг абвінавачвае асістэнтку ў наступных неправамерных выдатках:
823 фунты ў пякарні,
1482 фунты на свечкі фірмы Jo Malone,
3629 фунтаў на касметыку Molton Brown,
2139 фунтаў на канцылярскія тавары ў краме Paper Tiger,
1636 фунтаў у кафэ Starbucks.
Яна таксама набыла сабе дзвюх пародзістых котак за 1200 фунтаў.
Як сцвярджае Джаан Роўлінг, яе асістэнтка таксама скрала некалькі дарагіх цацак, зробленых па матывах твораў пісьменніцы: мадэль Хогвартскага экспрэса і некалькі калекцыйных набораў.