У Мінск з рабочым візітам прыбыў міністр замежных спраў Ірана Манучэхр Матакі.

Як паведамяе прэс‑служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, дыпламат будзе знаходзіцца ў Мінску 11 і 12 снежня. Праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы з прэм’ер‑міністрам Сяргеем Сідорскім, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, а таксама наведванне зборачнай вытворчасці аўтмабіляў «Саманд» і ЗАТ «ТК Банк», створаных з удзелам іранскага капіталу.

10 снежня старшыня Савета Рэспублікі Барыс Батура на сустрэчы з надзвычайным і паўнамоцным паслом Ірана ў Мінску Сеедам Абдалой Хасейні заявіў, што гэта краіна з’яўляецца «ключавым партнёрам Беларусі на Блізкім Усходзе».

Дыпламат зазначыў, што ў Беларусі і Ірана «выдатныя палітычныя адносіны».
«Аднак эканамічныя адносіны, хоць яны таксама нядрэнныя, не адпавядаюць узроўню палітычных сувязей. Неабходна актывізаваць увесь патэнцыял нашага супрацоўніцтва. Парламенты павінны адыгрываць у гэтым істотную ролю», — сказаў пасол.

У студзені—кастрычніку 2008 года тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам склаў 83,9 млн. долараў ЗША (134,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года), беларускі экспарт — 76,1 млн. долараў (139,7%), імпарт — 7,8 млн. долараў (96,4 %). Асноўныя артыкулы экспарту — калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, паўфабрыкаты з вугляродзістай сталі, жгут сінтэтычных ніцяў, грузавыя аўтамабілі, трактары; асноўныя артыкулы імпарту — фрукты, легкавыя аўтамабілі і часткі да іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?