Прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда звольнены з працы за супрацоўніцтва з «Свабодным тэатрам» і літаратурныя пераклады.

Прафесар вядомы ў Беларусі як вядучы ў краіне спецыяліст па сцэнічнай мове, чыімі падручнікамі і дапаможнікамі карыстаецца не адно пакаленне студэнтаў, і як перакладчык на беларускую мову твораў Дастаеўскага, Буніна, Набокава, Салжаніцына, Пастарнака. Сёння на рахунку Андрэя Каляды 26 кніг, да выдання рыхтуюцца яшчэ тры: пераклады абраных твораў Івана Буніна, складанка з трох раманаў нобелеўскіх лаўрэатаў і выданне беларускай і брытанскай драматургіі.

Будучы прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў па вучэбнай працы, Каляда давёў выкладанне ў ВНУ на беларускай мове з 0% да 65% у 1994 годзе. Калі, з прыходам цяперашняй улады, у акадэміі пачаўся нахіл у бок русіфікацыі вучэбнага працэсу, прафесар Каляда склаў з сябе абавязкі прарэктара і стаў толькі выкладаць на кафедры сцэнічнай мовы, працягваючы весці курс на беларускай мове.

У кастрычніку прафесара Каляду апавясцілі аб тым, што кантракт з ім падоўжаны не будзе, нягледзячы на тое, што да гэтага моманту ён вёў два курсы, якія, па логіцы, павінен быў давесці да выпуску. Прэтэнзіі да Андрэя Каляды прад’яўлялі даўно, і прычынай таму была ягоная перакладчыцкая дзейнасць і супрацоўніцтва са «Свабодным тэатрам», якім кіруюць ягоная дачка Наталля і зяць — Мікалай Халезін. Чашу цярпення рэктара Рычарда Смольскага перапоўніў выхад складанкі п’ес маладых беларускіх драматургаў «Пакаленне Jeans» у перакладах Андрэя Каляды. Тады рэктар у сэрцах сказаў, што «зяць і дачка Каляды — ганьба краіны, а сам прафесар Каляда — ганьба акадэміі мастацтваў».

Каментуючы сваё звальненне з Беларускай акадэміі мастацтваў, Андрэй Каляда сказаў: «Я меркаваў, што гэта можа адбыцца ў любы момант, паколькі сёння акадэмія мастацтваў пераўтвораная ва ўстанову, якая абсалютна не адпавядае гэтаму высокаму званню. Увесь вучэбны працэс стаў закладнікам ідэалагічных догмаў, навязаных звонку». Першым крокам да звальнення стала пазбаўленне Каляды ўсіх надбавак за навукоўцы званні, якое ўжываецца сёння выбарча да тых, хто не згаджаецца працаваць па ідэалагічных шаблонах.

«Сёння надбаўкі за навукоўцы званні — гэта не выплаты, забяспечаныя заканадаўча, а права кіраўніка ВНУ трымаць педагагічны склад на кароткім ланцужку, пазбаўляючы непажаданых сродкаў да існавання. Казаць жа аб русіфікацыі педагагічнага працэсу сёння стала агульным месцам — рэктар Смольскі нават загадаў замяніць шыльдачкі на сваім кабінеце на рускамоўныя, асцерагаючыся, мабыць, прыходу ў акадэмію кагосьці, хто не зразумее беларускай мовы» — кажа Андрэй Каляда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?