Папярэджу адразу: вельмі спадзяюся, што гэтага насамрэч ня здарыцца. Чаму ж мне тады ўзгадалася уніяцкая мінулае Каложы? Бо я спрабаваў laquo;па‑кабінэтнаму» разгадаць: чаму нашым сьвятарам заманулася «заваліць» зацьверджаны праект рэканструкцыі‑рэстаўрацыі (ці наадварот, бяз розьніцы) наднёманскага храма? Як вядома, яны лічаць, што можна разгледзець захаваныя ўзоры замежных храмаў, каб па аналёгіі зь іншымі цэрквамі ХІІ стагодзьдзя нашую (альбо іхнюю) Каложу таксама зноўку зрабіць дванаццацівечнай.

Хто б адмовіўся ў Горадні ад сапраўднага храма ХІІ стагодзьдзя? Ці ёсьць такія? Няма. Але ў беларускай сіліконавай даліне яшчэ ня вынайшлі прыладу, якая намалюе нам тое, што было калісьці, але чаго даўно няма. Шкада, ясна. Але ж нам ня проста хочацца дабудаваць сьцяну да Каложы, якая цяпер дашчаная, і ня выдумаць дах з цыбулінай а‑ля дванаццаты век, а марыцца, каб Каложа пасьля гэтага змагла трапіць у сусьветны сьпіс каштоўных помнікаў.

Хіба не разумеюць гэтага нашы сьвятары? Разумеюць, перакананы. Пагатоў архітэктары, працуючы над праектам адновы, дзейнічалі як адукатары: яны прыходзілі да сьвятароў, зьбіралі іх, паказвалі, расказвалі, тлумачылі. Не зразумець было немагчыма — чаму на ХІХ стагодзьдзе будзе рэстаўрацыя?

У чым жа прычына, чаму кіраўніцтва эпархіі ўсё роўна не пагаджаецца? Павінна ж быць нейкая грунтоўная, але досыць нябачная, неафішаваная прычына? Вось мне й падумалася: а раптам ім заманулася, выкарыстоўваючы нагоду, вярнуць храму «незаплямленае» чыстаправаслаўнае мінулае?

Для мяне самога гэта гучыць даволі неверагодна. Патлумачу. Калі ў багаслоўскіх гутарках стаўленьне да уніяцтва, на жаль, не памянялася, зацятасьці ў дзеяньнях чакаць наўрад ці трэба. Ну, была хай Каложа уніяцкай, праблема невялікая. Сёньня напэўна ж дзясяткі цэркваў у касьцёлах знаходзяцца, улучна з галоўным беларускім праваслаўным саборам у сталіцы. Локці сабе ніхто не кусае праз гэта. Аднак, калі Каложу зробяць на ХІІ стагодзьдзе, усе пазьнейшыя наслаеньні абавязкова здымуць.

Здаецца, толькі ваяўнічым магло б замануцца ачысьціць царкву ад «неправаслаўнай апраткі». Нават па нашаму яшчыку можна пачуць сёньня неаспрэчныя факты, якія ня выкасаваны з кастрыраваных падручнікаў: маскоўскія полчышчы пад сьцягам праваслаўя палілі і руйнавалі Каложу. Але яна нейк адраджалася. Пасьля забароны Уніі і перадачы Каложы маскоўскай царкве, на храме адразу ўзьнікла расколіна, а потым стыхія зруйнавала яго, пакінуўшы адну сьцяну, каб гарадзенцы шкадавалі: які прыгожы храм яны мелі.

Царскія ўлады так былі занятыя пераробкай Фары Вітаўта з касьцёлу ў праваслаўны сабор, што да калоскай руіны ў іх не даходзілі рукі сорак гадоў. Сымбалічнасьці ў гэтых фактах пад дастаткам, згадзіцеся. Навошта сёньня наступаць на гістарычныя граблі? Таму я адмаўляюся ад сваёй вэрсіі наконт заціраньня сьлядоў уніяцтва. Тады што? Ня ведаю. Пагатоў, сьвятары нашыя свае, беларускія, не прысланыя як пры цары ці пры савецкай уладзе. Яны паважаныя людзі і мовы, між іншым, не цураюцца. У Каложы ёй таксама ёсьць месца, дзякуючы і ўладыку, і сьвятарам.

Дык ці зробяць яе на ХІІ стагодзьдзе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?