«Наша Ніва» традыцыйна называе людзей, дзякуючы якім гэты год запомніцца і ўвойдзе ў гісторыю.

Арганізатар года — Павел Белавус

Павел Белавус. Фота facebook.com.

Павел Белавус. Фота facebook.com.

Святкаванне 100-годдзя БНР было адной з найбольш запамінальных падзей года. Дзясяткі тысяч людзей сабраліся ў цэнтры сталіцы, каб засведчыць сваю адданасць ідэалам незалежнасці. Усяго гэтага магло б не быць, каб не арганізатарскі талент прадпрымальніка і менеджара культуры Паўла Белавуса.

Менавіта дырэктар крамы symbal.by узяў на сябе арганізатарскія функцыі. У выніку быў запушчаны краўдфандынг на святкаванне Дня Волі. Людзі скідваліся колькі маглі: нехта 5 рублёў, нехта 3 тысячы. Атрымалася і канцэрт правесці, і забаўляльную праграму арганізаваць, і фудкорты працавалі. І людзей да Опернага тэатра прыйшло вельмі шмат. Юбілейная дата не прайшла незаўважанай. Дапамагалі ў арганізацыі блогеры Эдуард Пальчыс і Антон Матолька.

Чаму Белавуса мы вылучылі асобна? Ужо чатыры гады працуе яго крама symbal.by, у вялікай ступені дзякуючы намаганням гэтай ініцыятывы ў краіне з’явілася мода на ўсё беларускае: Адзенне, заплечнікі, гадзіннікі, упрыгожанні. Беларускае можа быць модным і сучасным.

Ініцыятыва года — Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка. Фота Настассі Храловіч.

Глеб Лабадзенка. Фота Настассі Храловіч.

Швейцарскія беларусы летась узялі і хутка назбіралі грошы на ўсталяванне ў сябе помніка Тадэвушу Касцюшку. А вось на радзіме кіраўніка паўстання 1794 года такога помніка не было да апошняга. І тут справу ў свае рукі ўзяў журналіст Глеб Лабадзенка.

Яму імкліва ўдалося назбіраць неабходныя 22 тысячы рублёў, дамовіцца са скульптарамі, потым з уладамі, каб яны далі сваё дабро. У выніку ад моманту пачатку кампаніі да яе завяршэння з адкрыццём у Мерачоўшчыне прайшло крыху больш за паўгода. Касмічныя тэмпы, як для сучаснай Беларусі.

Не хацелася б, каб на гэтым падобныя ініцыятывы заглухалі. Не аднаму Касцюшку не было помнікаў у Беларусі. А прыклад Лабадзенкі паказвае, што людзі гатовыя ўкладаць грошы ў сваіх герояў. Ды і ўлады адкрытыя да дыялогу.

Змагары года — Павел Севярынец, Ганна Шапуцька і іншыя абаронцы Курапатаў

Абаронцы Курапатаў. Фота Волі Афіцэравай.

Абаронцы Курапатаў. Фота Волі Афіцэравай.

Ад пачатку лета ў Курапатах горача: нарэшце запрацаваў рэстаран. Яго ўласнікі ўсё ж не адважаліся даць яму назву «Бульбаш-хол», але ўстанова ўсё адно займела забаўляльны характар. Піць, танцаваць, запускаць феерверкі ля месца расстрэлу тысяч людзей — многія палічылі гэта блюзнерствам.

Вядомы бізнэсмен Віктар Пракапеня рашуча заявіў, што ніводзін айцішнік у «Паедзем, паядзім» не завітае. Нават старшынька ЦВК Лідзія Ярмошына і тая сказала, што нагі яе не будзе ў гэтай установе.

Штодня ля «Паедзем, паядзім» працягваецца вахта актывістаў, якую пачалі Павел Севярынец і Ганна Шапуцька. Людзі стаялі і пад сонцам, і ў мароз, і ў залеву, і ў шквалісты вецер.

Уласнікі зрываліся на іх, былі бойкі, сутычкі. Але людзі стаялі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Улада стараецца не ўмешвацца ў гэты канфлікт, маўчыць Лукашэнка. Хаця ўсё ж не можа быць на баку пратэстоўцаў — Севярынца, Урбановіча і іншых час ад часу саджаюць на суткі.

У цэлым жа рэстаран «Паедзем, паядзім» існуе амаль без кліентаў. І калі справа так працягнецца далей, то Севярынец і кампанія сапраўды могуць атрымаць перамогу.

Учынак года — Міхаіл Грамыка

Міхаіл Грамыка. Фота Волі Афіцэравай.

Міхаіл Грамыка. Фота Волі Афіцэравай.

У адзін з ліпеньскіх вечароў да вахты ў Курапатах далучыўся мужчына, які назваўся міліцыянтам. І гэта аказалася поўнай праўдай. 44-гадовы Міхаіл Грамыка на той момант працаваў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна — там, куды саджаюць затрыманых на суткі.

У міліцыі самавольства Грамыкі не даравалі. Амаль адразу яго арыштавалі на 10 сутак, а пасля звольнілі з органаў. Сам мужчына не шкадуе пра свой учынак. Кажа, што рабіць інакш не дазваляў гонар.

«Я міліцыянт незалежнай краіны, а Шуневіч няхай і далей перапранаецца ў форму НКВД», — сказаў ён у інтэрв’ю «НН». За такую міліцыю яўна не сорамна.

Пісьменнік года — Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў. Фота Сяргея Гудзіліна.

Уладзімір Арлоў. Фота Сяргея Гудзіліна.

Апошнія гады Арлова не аднясеш да модных пісьменннікаў. Ён не сядзіць у фэйсбуку, не гадуе казу, не спрачаецца пра гендар і ЛГБТ, але штораз ягоныя кнігі мастацкія і гістарычныя становяцца хітамі продажаў. Арлоў — гэта знак якасці, той, у кім не расчаруешся.

Сёлета Гедройца атрымаў менавіта Уладзімір Арлоў за кнігу «Танцы над горадам». І, мабыць, ні ў каго не ўзнікае жадання кінуць камень у працу журы. Усе ведаюць, што кепскага Арлоў не напіша.

Мем год — гарадавы

Ігар Шуневіч (злева) на адкрыцці помніка гарадавому.

Ігар Шуневіч (злева) на адкрыцці помніка гарадавому.

Мала якія аб’екты ў краіне ахоўваюцца так, як гэта робяць з скульптурай гарадавога, які стаіць побач з будынкам Міністэрства ўнутраных справаў. Мінскі падлетак Арсеній, праходзячы міма, даў плескача па бронзавым твары гарадавога. Міліцыя не проста злавіла хлопца, але і прымусіла выбачыцца на камеру перад… помнікам. Здавалася б, абсурд, але бывае і такое. У выніку эфект атрымаўся адваротным. Людзі ў сацсетках пачалі масава кпіць і іранізаваць з гэтай сітуацыі. То шалік навязвалі гарадавому, то прыходзілі цалаваць. У выніку за такую няўдалую піяр-акцыю быў звольнены прэс-сакратар МУС Георгій Яўчар. Хаця потым Шуневіч сказаў, што гэта была ягоная ініцыятыва. Скульптура гарадавога часоў Расійскай імперыі цяпер часцей успрымаецца як анекдот.

Мецэнат года — Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Віктар Бабарыка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Мы ўжо не першы раз так называем спадара Віктара, але ён штогод дае добры прыклад для іншых багатых людзей гэтай краіны. Бабарыку ўдалося зрабіць няпростае. «Белгазпрамбанк» не ўспрымаецца негатыўна ў грамадстве. І гэта найперш праз культурную дзейнасць старшыні праўлення.

Сёлета «Белгазпрамбанк» спансаваў беларускамоўнае выданне твораў Святланы Алексіевіч. Зрабіў гэта для таго, каб кнігі нашага нобелеўскага лаўрэата можна было знайсці ў школьных бібліятэках краіны.

Дзякуючы Бабарыку, запрацавала культурная прастора Ок16, якая прымае ў сябе многія культурныя імпрэзы. Банк укладаецца ў мастацкія фестывалі і выставы.

Антыгерой года — Аркадзь Ізраілевіч

Аркадзь Ізраілевіч.

Аркадзь Ізраілевіч.

Пра гэта бізнэсоўца яшчэ вясной чуў мала хто, хіба што стваральнікі рэйтынга «Ежедневніка», але Ізраілевіч зрабіў усё, каб яго імя пачало насіць негатыўную афарбоўку. Ізраілевіч сцвярджае, што не ўкладваў сваіх грошай у будаўніцтва «Паедзем, паядзім», але ён стаў актыўным абаронцам установы.

Ізраілевіч падаваў у суд на газету «Новы час», але з трэскам прайграў справу, радаваўся, калі на суткі саджалі Паўла Севярынца, асабіста біўся з абаронцамі, займаў на паркоўцы месца для інвалідаў. У інтэрв’ю выказваўся, што, магчыма, у Курапатах ляжаць тыя, каго і варта было расстраляць. Ён стаў вельмі медыйнай асобай, даючы ўсім каментары. У прэсе з’явіліся нават здымкі з вяселля Ізраілевіча ў турэцкай Антальі, куды ён запрашаў гурт «Іванушкі».

У канцы года Ізраілевіч ненадоўга апынуўся ў СІЗА КДБ. Абвінавачванняў яму так і не выставілі, але паводзіць сябе бізнэсовец стаў пасля гэтага вельмі ціха.

Прэм’ер года — Сяргей Румас

Сяргей Румас. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сяргей Румас. Фота Сяргея Гудзіліна.

У асобе Румаса Беларусь займела кіраўніка ўрада з «чалавечым тварам». Румас — банкір, рыначнік, футбольны заўзятар, бацька чатырох сыноў. Румас не выклікае ў людзей негатыўных пачуццяў.

Праўда, задачы перад новым прэм’ерам стаяць, як заўсёды, не самыя лёгкія: павысіць сярэднія заробкі, рэанімаваць прадпрыемствы, падняць сельскую гаспадарку, дамовіцца з Расіяй пра новыя зніжкі. Ці адужае?

Некалі Румас, будучы кіраўніком федэрацыі футбола, дабіўся, каб на матчах не арыштоўвалі людзей з нацыянальнай сімволікай. Сёлета на ўручэнні прызоў найлепшым гульцам года прэм’ер прамаўляў па-беларуску. Ягоны прыклад пераняў і міністр спорту Сяргей Кавальчук.

Музыкі года — Nizkiz

Гурт Nizkiz. Фота music.yandex.ru.

Гурт Nizkiz. Фота music.yandex.ru.

Магілёўскі гурт збірае поўныя клубы ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Іх музыка стала пазнавальнай. На «Лідбіры» Nizkiz прынялі куды больш цёпла за зорных расіян з «Энімал Джаз». Музыкі даюць канцэрты і ў Расіі, але не выракаюцца беларускай мовы. Nizkiz былі сярод тых, хто выступіў на канцэрце на Дзень Волі, калі многія іншыя ці то спалохаліся, ці то не захацелі. Nizkiz — галоўны прарыў у нашай музыцы сёлета.

Звальненне года — Іван Шыла

Іван Шыла.

Іван Шыла.

Скандальным атрымаўся сыход з тэлеканала «Белсат» смм-шчыка Івана Шылы. У сваім фэйсбуку ён пажартаваў са здымка прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, які стаяў, калі Дональд Трамп сядзеў у крэсле. «Злева — прэзідэнт Польшчы», — напісаў Шыла. У выніку кіраўніцтва тэлеканала параіла яму «валіць у Беларусь і там насалоджвацца свабодай слова». На наступны дзень Шылу звольнілі з тэлеканала. Пра звальненне супрацоўніка «Белсата» напісалі найбуйнейшыя СМІ свету.

Сыходы года — Кулінковіч, Анемпадыстаў, Ліпай, Капскі

Алесь Ліпай. Фота БелаПАН.

Алесь Ліпай. Фота БелаПАН.

У 2018 з жыцця сышлі яшчэ маладыя мужчыны. Зімой сышоў паэт і аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў. Напрыканцы лета ад пнеўманіі сышоў лідар гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч.

Не стала заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая, якога перад гэтым прэсавалі па справе аб нясплаце падаткаў. Здароўя Ліпаю гэта не дадало. З Ліпая пачыналася незалежная журналістыка.

У пачатку восені сышоў з жыцця генеральны дырэктар футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі. Менавіта дзякуючы яму беларускі клуб колькі гадоў гуляў у групавых этапах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Спартсменка года — Арына Сабаленка

Арына Сабаленка.

Арына Сабаленка.

Не Азаранкай адзінай. У беларускім жаночым тэнісе зноў з’явілася зорка. 20-гадовая Арына Сабаленка сёлета выйграла два першых турніры WTA ў кар’еры, а таксама спынілася за крок ад першай дзясяткі сусветнага тэніса. Наступны сезон для Сабаленкі павінен скласціся яшчэ больш удала. Спартсменка толькі пачынае прагрэсаваць і набіраць абароты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?