фота soccer.ru

фота soccer.ru

У сённяшнім нумары газеты «Спорт‑Экспресс» (нумар паступіў у шапікі Менска) надрукавана велізарнае інтэрвію з экс‑капітанам нашай зборнай па футболе Сяргеем Гурэнкам, які днямі заключыў кантракт з менскім «Дынама». Да гэтага ён некалькі сезонаў (1995-1999, 2003-2008) правёў у маскоўскім «Лакаматыве», «Роме» (1999-2000), «Сарагосе», «Пьячэнцы», «Парме»

Інтэрвію досыць цікавае. Сяргей распавёў як жыў у Беларусі ў галечы, атрымліваючы заробак у 30 даляраў, пра гульню ў італьянскай «Роме» і «дагаварнякі» ў «Лакаматыве», як паспрачаўся з братамі Глебамі, учыніў лёгкі скандал у малдоўскім гатэлі ды шмат чаго іншага.

***

Падзяліўся ён уражаннямі і пра наведванне Нью‑Ёрку.

«Небяспечней за ўсё было ў Амерыцы. Абсалютна нерэальная гісторыя. У 1999 г. прыехаў у «Ромай» у Нью‑Ёрк. Гулялі таварыскую гульню з «Бенфікай». Пасля атрымалі два дні — гуляць па горадзе.

— Слаўна пагулялі?

— Яшчэ як! Вярнуўся з пераломам рукі. Мясцовыя нелегалы, беларусы з Горадні [Сяргей нарадзіўся ў Горадні, у 1989--1995 гг. выступаў за мясцовыя клубы: «Хімік» і «Нёман» -- НН], вырашылі мяне крыху «пашчыпаць». На грошы развесці. Я гэтым хлопцам арганізаваў квіткі на матч, у рэстаран хадзіў з імі, у лазню.

— Скончылася ўсё бойкай?

— Так. Іх наляцела шмат, а я застаўся адзін. Хоць да гэтага быў з сябрам. Былым сябрам.

— Збег?

‑ Падчас бойкі, раз атрымаўшы, адышоў у бок. Маўляў, ня біце, я тут ні пры чым.

— Як пералом зарабілі?

— Кульбіт рабіў. Іншага выйсця не было — давялося спачатку махацца з трыма. Што ў такой сітуацыі рабіць, ведаеце?

— Што?

— Б’еш цэнтральнага нагой у пячонку і пачынаеш кувыркацца. Сыходзіш ад кулакоў іншых. Так я зламаў руку — каменьчык нейкі на асфальце трапіўся. За ўсё жыццё ніводнага пералому. А тут на вуліцу — атрымай.

— Чалавек з «Ромы» б’ецца з беларусамі на нью‑ёрскай ускраіне. Цуд!

— Там жывуць людзі паводле сваіх законаў. Наглядзеліся баевікоў. Нават не разумелі, што дастаткова тэлефанавання ў паліцыю — і ўсе яны б апынуліся як мінімум у Беларусі. А да мяне дайшло пазней, наколькі кепска магло ўсё скончыцца. Я ў гатэль у падранай кашулі да пятай раніцы прышкандыбаў — уся каманда рагатала. Кіраўніцтву сказаў, што выйшаў з рэстарана і на мяне бандыты напалі. Яны руку знявечылі. Нават страхоўку атрымаў за пералом.

— Капэла [тагачасны трэнер «Ромы», сёння — галоўны трэнер зборнай Англіі па футболе] як адрэагаваў?

— Таксама рагатаў.

— Ці маглі б у Амерыцы застацца?

— Ні за што. Беларусы, якія там застаюцца працаваць на будоўлі, часта сканчаюць наркотыкамі. У 1995‑м у Штатах застаўся блізкі сябра. Калі быў сведкам на вяселлі, хрысціў майго сына. З таго году ў Беларусі не з’яўляўся, ні сям’і ў яго, ні дзяцей. Бацька памёр у Менску — нават на пахаванне прыехаць не змог. У чым шчасце?

Глядзі:
Поўны тэкст інтэрвію

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0