Мітрапаліт Сімяон. Фота: wikipedia.org.

Мітрапаліт Сімяон. Фота: wikipedia.org.

15 снежня на Аб'яднаўчым саборы Украіна атрымала Адзіную памесную незалежную царкву. Яе кіраўніком стаў прадстаўнік УПЦ Кіеўскага патрыярхата Епіфаній. УПЦ Маскоўскага патрыярхата амаль поўным складам сабор праігнаравала. Удзел у ім узялі толькі два яе мітрапаліты: Вінніцкі і Барскі Сімяон і Пераяслаў-Хмяльніцкі і Вішнеўскі Аляксандр. У галасаванні за кіраўніка новай царквы Сімяон саступіў Епіфанію 8 галасоў. За гэта УПЦ МП пазбавіла абодвух мітрапалітаў сану, а новую памесную царкву назвала раскольніцкай. У той жа дзень, 17 снежня, Аляксандра і Сімяона прыняў у сваю юрысдыкцыю Сусветны патрыярхат. Прыхаджане Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора Вінніцы, дзе служыць Сімяон, яго рашэнне падтрымалі і пагадзіліся разам з ім перайсці ў Праваслаўную царкву Украіны.

Як мітрапаліты будуць дзяліць храм, чаму святары УПЦ МП ў апошні момант адмовіліся ўдзельнічаць у саборы, хто пагражаў чысткамі праўкраінскай часткі духавенства — пра гэта распавёў мітрапаліт памеснай ўкраінскай царквы Сімяон.

— Што будзе з царквой Маскоўскага патрыярхату?

— Калі пройдзем усе этапы і будуць прынятыя законы, ва Украіне будзе адна царква — Праваслаўная царква Украіны. Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата ўжо не будзе. Яна будзе насіць іншую назву. Не можа кожны мець сваю царкву — ёсць толькі царква Хрыстова.

Не ўсе святары ўспрынялі вестку пра назву станоўча. Некаторыя з іх сабралі свае рэчы і пакінулі сабор. Ужо ў нядзелю, калі я праводзіў службу, яны не прыйшлі. Мне вельмі крыўдна, што так адбылося, і святары, якія былі са мной, цяпер сышлі. І нават тыя, хто мяне падтрымлівалі ўвесь час, засумняваліся.

— Што было ў нядзелю, пасля сабора, падчас вашай першай службы?

— У нядзелю на службу прыйшлі розныя святары — і з горада, і з раёнаў. І ў канцы я сказаў пра свой удзел, пра саборы ў Кіеве, пра тое, як усё было. І амаль усе вернікі і святары, якія былі, мяне падтрымалі і заапладзіравалі. Сабор адрозніваецца тым, што сюды едуць з раёнаў і вёсак, тут моляцца не толькі пастаянныя прыхаджане.

— Колькі парафій вас падтрымалі?

— Цяпер немагчыма сказаць. Сёння ўжо прыбыў ўладыка Варсанофій, якога прызначыў Маскоўскі патрыярхат. Ён ужо ў Вінніцы. Наогул спадзяваліся, што я займу першае месца. Але як я яго мог заняць, калі нашыя браты Маскоўскага патрыярхата не прыйшлі. Я казаў Ануфрыю, што нас — 87 архірэяў, мы ідзём на сабор, і нас большасць. Мы выбіраем вас паўнавартасным старшынём адзінай праваслаўнай царквы. Я казаў гэта перад усімі на аўральным саборы ў Лаўры. Ануфрый сказаў: «Не, мы не пойдзем. Мы сваю царкву кідаем пад танк». Вось такое было рашэнне, пад якім я адзіны з 83 не падпісаўся.

— Чаму не прыйшлі на сабор іншыя прадстаўнікі УПЦ МП?

— Для мяне дзіўна, што некаторыя яшчэ ўвечары перад саборам казалі, што будуць, абяцалі гэта і прэзідэнту, і экзархам, але 15 снежня раптам апынуліся за мяжой або захварэлі. Але трэба разумець: не страх перад некананічнасцю іх адштурхнуў — яны спалохаліся за свой трон, за сваё месца. Як гэта будзе? А галоўнае, што царква — гэта кансерватыўная структура. За гэтыя гады, пры Ануфрыю, мы ні разу не збіраліся ні на нараду, ні на саборы. Не было сходаў архірэяў, на якіх можна было б выказаць сваё меркаванне. І Крым ужо пачаўся, і вайна, а сходаў не было. Колькі я ні прасіў сабрацца, мне адказвалі: «А навошта?»

— Колькі было тых, хто абяцаў прыйсці?

— Усё ішло праз прэзідэнта і экзархаў. Напярэдадні сабора было вядома пра 12 архірэяў, якія павінны быць. Але і тут выйшаў падман.

— Вы былі ў сяброўскіх адносінах з Варсанофіем. Вы гаварылі з ім у апошні час?

— Я з усімі архірэямі падтрымліваў адносіны. А Варсанофій — наш зямляк. Мы яго запрашалі на нашы святкаванні. Ён часта бываў у нас, яго бачылі святары, таму яго сюды і прызначылі — каб было прасцей. Але цяпер мы не размаўлялі. Я думаю, прыйдзе час, і мы будзем мець зносіны.

Адносна іншых: я атрымаў вельмі добрыя віншаванні ад іншых уладык. напрыклад: «Іудо, тебе чекає гілляка».

Хачу адно сказаць: столькі зла, жоўці і нянавісці я яшчэ ніколі не бачыў з боку архірэяў, святароў і вернікаў Маскоўскага патрыярхата. Любоўю там не пахне, а дзе няма любові — там няма Бога.

Што цікава, мяне паліваюць брудам свае. А тыя, хто калісьці належаў да КП ці УАПЦ, пасля сабора падтрымалі мяне і казалі, што моляцца за нас. Нават Епіфаній мне патэлефанаваў і сказаў: «Сёння мы ўсе служылі і маліліся за вас. Як вы там? »

Гэта для мяне значны момант у жыцці. Я адкрыў вочы і ўбачыў, хто быў каля мяне, якое значэнне я меў для іх усе гэтыя гады.

— Як вы будзеце будаваць царкву? Ці будзеце ўгаворваць святароў, судзіцца за храмы? Альбо хай ўлада выдзяляе новыя ўчасткі пад цэрквы?

— Вярхоўная Рада прыме закон аб перайменаванні УПЦ МП, у яе будзе новая назва. Ва Украіне будзе толькі адна ўкраінская праваслаўная царква. І ўжо нельга будзе хлусіць, як мы гэта рабілі 22 гады, што мы не Маскоўская царква, і называлі сябе УПЦ. Хай [святары МП] вырашаюць самі, у якую царкву яны пойдуць. Колькі іх будзе — я не ведаю. З тымі храмамі, якія ва ўласнасці дзяржавы, будзе прасцей. З новымі усё будзе залежаць ад абшчыны — як яна вырашыць, так і будзе. Калі будзе палова, можа быць пачарговае служэнне. Калі меншасць, прыйдзецца шукаць новае памяшканне.

— Вы разлічвалі на сваю перамогу на саборы?

— Не. Як я мог разлічваць, калі не было нашых архірэяў? Для мяне было дзівам, што Епіфаній перамог мяне толькі на 8 галасоў (36 супраць 28). У мяне ніколі не было зорнай хваробы, хоць увесь час казалі: «Сімяон — чалавек прэзідэнта». Але я не яго чалавек.

— Маскоўскі патрыярхат неяк паведаміў вам аб пазбаўленні сану?

— Не. Ніяк не паведаміў.

— На якой мове будзеце служыць?

— Цяпер святары і я сам не навучаны служыць па-ўкраінску. Раней бацюшкі прасілі: «Я пайду ва ўкраінскую царкву, але не прымушайце служыць на ўкраінскай».

Святы сінод прыняў рашэнне, што абшчына сама вырашае, на якой мове праходзіць служба. Спачатку мы павінны нармальна перавесці на ўкраінскую набажэнства, Святое Пісанне, каб ва ўсіх быў адзін варыянт, а не розныя, як цяпер. Я не бачу ў гэтым пытанні праблем. Галоўнае — каб была згода ўсіх, бо калі будзе хістанне, яно падзеліць людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0