Два са 130. Ніводзін са ста васемнаццаці афіцыйных сайтаў райвыканкамаў не мае беларускамоўнай версіі. Беларускую старонку мае толькі адзін з шасці сайтаў аблвыканкамаў — Гродзенскі. І толькі гарадское кіраўніцтва Магілёва, адзінае з шасці абласных цэнтраў, парупілася пра стварэнне беларускай старонкі афіцыйнага сайту.

Брэсцкі аблвыканкам хоць і мае галоўнага ідэолага, які заснаваў у сваім упраўленні Дзень беларускай мовы, пра роўнае становішча дзяржаўных моваў на афіцыйных сайтах гораду і вобласці пакуль не парупіўся.

Як і ў выпадку з Брэстам, Віцебскі аблвыканкам мае расійскую і англійскую моўныя версіі, гарвыканкам — толькі расійскую. Адзіны тэкст па-беларуску, змешчаны на сайце кіраўнікоў шагалаўскага гораду, прысвечаны Ўладзіміру Караткевічу. Сайты райвыканкамаў таксама мала чым адрозніваюцца між сабой.

Гомельскі аблвыканкамаўскі і гарвыканкамаўскі афіцыйныя сайты ў плане моўных версій не адрозніваюцца ад брэсцкіх і віцебскіх калегаў. Беларуская мова трапляецца на сайтах Ельскага райвыканкаму (у выглядзе вершаванага прысвячэння раёну на галоўнай старонцы), ды на афіцыйнай старонцы Добрушскага райвыканкаму — тут уласныя навіны часам даюцца па-беларуску. У астатніх выпадках сайты магілёўскіх райвыканкамаў не цешаць родным словам і разнастайнасцю афармлення.

Сайт Гродзенскага аблвыканкаму мае ажно чатыры моўныя версіі — беларускую (пазначана, як у банкаматах Беларусбанку — «беларускі»), расійскую, англійскую і нават кітайскую. Сайт гарвыканкаму значна бяднейшы па афармленні, мае толькі расійскамоўную версію. Беларуская мова сустракаецца таксама на сайце Карэліцкага райвыканкаму — як і ў выпадку з Ельскам, гэта вершаванае прысвячэнне карю. Большасць сайтаў райвыканкамаў вобласці выкарыстоўваюць у афармленні галоўных старонак выявы мясцовых храмаў.

Абласному кіраўніцтву Магілёўшчыны варта было б пераняць вопыт сваіх гарадскіх калегаў — сайт гарвыканкаму Магілёва адзіны з афіцыйных старонак абласных гарадоў мае беларускамоўную версію. Сайты тутэйшых раёнаў па афармленні і колькасьці моўных версій не адрозніваюцца ад гродзенскіх, ці брэсцкіх.

Мінаблвыканкам не мае старонкі ў Сеціве на роднай мове. Раздзел «Гісторыя» пачынаецца эпіграфам з цытатай з «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага па-расійску. Затое ў аналагічны раздзел сайту Слуцкага райвыканкаму Слуцкі збройны чын не патрапіў ні на якой мове.

Большасць афіцыйных сайтаў выканаўчай улады (найперш райвыканкамаў) створаныя пры падтрымцы БЕЛТА. Гэтыя сайты выкананыя ў аднолькавым стылі: маюць дзве моўныя версіі — расійскую і англійскую, набор стандартных сервісаў. У шапцы сайтаў маюцца выявы рэгіёнаў, дзяржаўны герб і герб раёну. Стужка навінаў папаўняецца матэрыяламі БЕЛТА, радзей уласнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?