ГУУС Мінгарвыканкама прыпыніла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па факце збіцця карэспандэнта «Комсомольской правды в Белоруссии» Алега Улевіча. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, якое журналіст атрымаў па пошце ў канцы мінулага тыдня. Следства прыпынена 31 траўня «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню з якасці абвінавачанага».

У лісце з ГУУС паведамляецца, што правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне вінаватай асобы, працягваецца, а рашэнне аб прыпыненні расследавання можа быць абскарджана пракурору г. Мінска.

Як паведаміў прэс-службе БАЖ сам А. Улевіч, ён збіраецца скарыстацца гэтай магчымасцю. «Буду выкарыстоўваць усе законныя спосабы, каб знайсці вінаватых», - кажа ён. За 2 месяцы, пакуль вялося следства, у журналіста склалася ўражанне, што замест пошукаў вінаватых міліцыя стараецца іх «прыкрыць». Па словах пацярпелага, у матэрыялах справы ёсць паказанні міліцыянта, які здымаў інцыдэнт каля Кастрычніцкага РУУС на відэакамеру: ён сцвярджае, што кепска валодаў відэатэхнікай і якраз у гэты момант не змог зрабіць запісу. Між тым, па звестках А. Улевіча, відэазапіс у той час вёў не адзін, а некалькі прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0