Некалькі дзён таму ў Прылуках (мястэчка за 5 кіламетраў ад Мінска) адбылася трагедыя: 10-гадовы школьнік загінуў, катаючыся на цюбінгу з горкі. Відавочцы расказалі «Нашай Ніве» падрабязнасці здарэння.
Хлопчык быў на горцы з маці. Яна сказала яму закругляцца, але саступіла просьбам малога пакатацца трохі яшчэ.
У адзін са спускаў на цюбінгу (надзьмутыя круглыя санкі) школьнік не разлічыў траекторыю і з разгону ўрэзаўся ў ліхтар.
Удар быў моцным, хлопца не ўратавалі, ён памёр.
Большасць прылуцкіх бацькоў пасля гэтага выпадку забараняюць сваім дзецям катацца з той горкі, яна цяпер пустая, хоць і не агароджаная.
Бацькі таксама звяртаюць увагу, што горкі часцяком знаходзяцца ў небяспечных месцах: побач з дарогамі, сметніцамі, слупамі ці дрэвамі і ніяк не агароджваюцца, каб на іх можна было катацца бяспечна.
У прылуцкай школе сітуацыю не каментуюць — яна адбылася пасля ўрокаў і не на іх тэрыторыі.
Каментары