Паляванне на зайца запомніцца 43-гадоваму гамельчуку надоўга. Пакуль ён бегаў за зайцам, за самім гамельчуком бегаў АМАП.

Як паведамляе гомельская міліцыя, інцыдэнт адбыўся 17 лістапада 2018 года. У 102 патэлефанавала жыхарка вёскі Каравышань Гомельскага раёна. Жанчына ў слёзах распавяла пра тое, што невядомы мужчына са стрэльбай выйшаў з зараснікаў маліны з боку поля і пайшоў па гародзе, страляючы ў бок дамоў. Таксама яна паведаміла, што адзін са стрэлаў, праляцеўшы міма яе, трапіў у сцяну гаража.

Улічваючы сітуацыю, да месца здарэння былі накіраваныя найбліжэйшыя нарады ДАІ, Дэпартамента аховы, узняты па трывозе баявы атрад АМАПу.

Сілавікі адразу пачалі пошукі невядомага стралка. Неўзабаве яны ўбачылі таго самага мужчыну — ён быў у камуфляванай вопратцы, з заплечнікам і стрэльбай. Міліцыянты затрымалі яго.

Выявілася, што паляўнічы меў усе патрэбныя дакументы на права нашэння і захоўвання паляўнічай стрэльбы, а таксама паляўнічую пуцёўку на здабычу паляўнічай жывёлы. Ён паляваў на зайца, але не ўлічыў, што катэгарычна забаронена страляць на адлегласці 200 метраў ад крайняга будынка населенага пункта і знаходзіцца на гэтай тэрыторыі з зараджанай паляўнічай зброяй.

Паляўнічы ішоў з лесу ў бок гародаў і заўважыў зайца. Мужчына стрэліў у яго, пасля, забраўшы здабычу, пайшоў у лес, дзе разабраў яе і паклаў у заплечнік. Затым паляўнічы вярнуўся ў вёску, дзе і быў затрыманы міліцыянтамі.

Яго пакаралі штрафам 5 базавых велічыняў за страляніну ў вёсцы. На наступныя тры гады яму анулявалі дазвол на захоўванне паляўнічай зброі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?