Беларусь 1

Амаль увесь дзень ад 7.25 да 17.10 будуць паказваць шматсерыйны фільм «Мая любімая свякроў».

Пасля яго, яшчэ адзін серыял — «Сваты», які скончыцца толькі перад самай «Панарамай».

Пасля апошняга ў гэтым годзе выпуску навін — святочная праграма «З Новым годам, Беларусь!».

На экране — усе знаёмыя твары: ад Анатоля Ярмоленкі і Аляксандра Саладухі, да Іскуі Абалян і Георгія Калдуна.

Традыцыйна, святкаванне перапыніцца ў 23.50 на віншаванне Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля апоўначы на «Беларусь 1» пакажуць расійскі фільм «Прывід» з Фёдарам Бандарчуком у галоўнай ролі.

Белсат

Цягам дня мультфільмы, кіно і святочныя перадачы. Гумарыстычная «Хай так TV» і навінная «Вось так», гістарычная «Загадкі беларускай гісторыі» і кулінарная «Я не буду гэта есці».

Тэлеканал «Белсат» таксама прапануе разам падвесці вынікі 2018 года ў праграме «Год з «Белсатам». Пачнуць падводзіць вынікі года на тэлеканале ў 21.25.

Увечары — канцэрты.

Пачнуць з «Народнага альбома». Пасля — прэм’ера навагодняга канцэрта «У Маскве нас не зразумеюць». Таго самага, дзе Вольскі сыграе старшыню ідэалагічнай камісіі.

У музычным фільме «Белсату» зняліся Алег Хаменка, Юрый Стыльскі, Віктар Шалкевіч, Аляксандр Ільін, Наста Шпакоўская, Алесь Лютыч, Зміцер Вайцюшкевіч, Паліна Рэспубліка, Сяргей Башлыкевіч, Дзяніс Тарасенка, Павал Гарадніцкі, Алесь Дзянісаў і іншыя.

Пасля апоўначы на тэлеканале канцэрт Джамалы, «Акіяна Эльзы» і «Крамбамбулі».

Беларусь 2

У апошні дзень 2018 года «Беларусь 2» прапануе ўспомніць дзяцінства і наразаць салацікі выключна пад сямейнае кіно.

Ад раніцы — «101 і 102 далмацінцы», у 14.45 — «Аліса ў краіне цудаў» і «Аліса ў залюстаркоўі». У 22.00 — мультфільм «Адважнае сэрца».

Пасля апоўначы і да чатырох раніцы — усе часткі мультфільма «Мадагаскар».

Пад самую раніцу «Беларусь 2» прапаноўвае паглядзець фільм «Індыяна Джонс». Відаць для тых, каму не хапіла ўласных навагодніх прыгодаў.

Беларусь 3

«Беларусь 3» парадуе сапраўдным святочным вінегрэтам: класікай савецкага кіно — «Каралеўства крывых люстэркаў», «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» і « Паласаты рэйс», мультфільмамі пра Марозка, Снежную Каралеву і Прастаквашына.

Цягам дня пакажуць аж пяць выпускаў перадачы «Беларуская кухня», таму, калі вы так і не вырашылі, што гатаваць на стол, можаце падгледзець рэцэпты сапраўднай беларускай кухні. Кажуць, што навучаць гатаваць печаную гусь, сала з паранай капустай, фаршыраванага ліня са смятанай.

Разбавіць гэты вінегрэт канцэрты ансамбля «Бяседа» і творчы вечар кампазітара Алега Жукава.

У 20.40 — «Калыханка».

А сустрэць 2019 год «Беларусь 3» прапаноўвае канцэртам «У класічным стылі». На сцэну выйдуць беларускія зоркі оперы і аперэты.

Пасля апоўначы зноў класіка кіно — «Карнавал».

Беларусь 5

На спартыўным канале цягам дня нагадаюць пра самыя значныя старты і перамогі беларускіх атлетаў у 2018 годзе.

АНТ

Тэлеканал АНТ вырашыў паказваць савецкае кіно.

Без «Іроніі лёсу» не абыдзецца, таму, калі 31 снежня для вас асацыюецца з гэтым фільмам, то ўключайце тэлевізар а 19-й гадзіне.

Да яго пакажуць «Дзяўчат», «Брыльянтавую руку», «Каханне і галубы», «Джэнтльмены ўдачы».

У 23.00 распачнецца «Навагодняя ноч», праект расійскага Першага канала.

Беларусы, якія будуць сустракаць Новы год пад тэлеканал АНТ, сустрэнуць яго у кампаніі Кіркорава, Галкіна, Урганта, Нагіева, Білана, Сюткіна, Брэжневай і Гагарынай.

РТР-Беларусь

Гэты тэлеканал цягам дня будзе радаваць святочнымі канцэртамі з расійскім зоркамі. «Найлепшыя песні», «Навагодні парад зорак» «Блакітны агеньчык — 2019». З года ў год адно і тое ж.

НТВ- Беларусь

Ну што яшчэ глядзець у пераднавагодні дзень па тэлеканале НТВ? Канечне ж, «Прыгоды Мухтара» і «Вуліцы разбітых ліхтароў».

У 23.45 пачнецца навагодні кватэрнік. Госці гэтага канцэрту — «зоркі, якіх не пусцілі на блакітны агеньчык»: Гарык Сукачоў, Юрый Шаўчук, Сяргей Галанін, Сяргей Чыгракоў, «Чайф», «Крэматорый», «Млын», Louna, The Hatters, Animal ДжаZ.

Будуць на кватэрніку і беларусы — Алёна Свірыдава і гурт «Бі-2».

СТБ

На тэлеканале СТБ перад Новым годам не ўдасца пабачыць нашых зорак, затое тэлеканал у 23.00 пакажа дакументальны фільм «Наш 2018», у якім успомняць, чым жыла краіна ў 2018 годзе.

Цягам дня — старыя фільмы. «Пакроўскія вароты», «Дванаццаць крэслаў», «Карнавальная ноч». І крыху новых: «Горка» і «Елкі».

Мір

Цягам дня толькі «Дыскатэка 80-х».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0