Відэасэрвіс VOKA падвёў вынікі года: самым прагляданым фільмам з агучкай на беларускай мове стала сямейная камедыя «Падынгтан». Фільм пра медзведзяня, што прыехала ў Лондан, каб знайсці сям'ю і стаць сапраўдным англійскім джэнтльменам, паглядзела каля 20 000 карыстальнікаў. Другое і трэцяе месцы ў рэйтынгу VOKA атрымалі анімэ «Рыбка Поньё» і антыўтопія «Кніга Ілая».
У пачатку гэтага года ў беларусаў з'явілася магчымасць глядзець фільмы на роднай мове не толькі ў кінатэатрах, але і дома. Для гэтага відэасэрвіс VOKA стварыў спецыяльны раздзел CINEVOKA, у якім сабраны шэдэўры сусветнага кіно ў беларускай агучцы. Актыўнае напаўненне раздзела пачалося з ліпеня: за 6 месяцаў колькасць кантэнту вырасла з 3 да 60 фільмаў розных жанраў: ад псіхалагічных драм і баевікоў да анімэ і мультфільмаў.
У 2019 годзе колькасць кінакарцін плануюць павялічыць да 124. У іх ліку будуць драма «Палёт над гняздом зязюлі», трылер «Сайлент Хіл», крымінальны дэтэктыў «Дзяўчына з татуіроўкай дракона», чорная камедыя «Воўк з Уол-стрыт» і іншыя блокбастары.
За гэты год фільмы ў раздзеле CINEVOKA сабралі больш за 45 000 гледачоў. Пасты ў сацыяльных сетках пра кінахіты ў беларускай агучцы ўбачылі 330 000 карыстальнікаў — попыт на фільмы на роднай мове ў інтэрнэт-прасторы ўпэўнена расце. Хэдлайнерам абмеркаванняў у сацыяльных сетках стала французская камедыя «Астэрыкс на Алiмпiйскiх гульнях».
Удзел у агучцы фільмаў, перакладзеных на беларускую мову, узялі 19 акцёраў дубляжу, якія правялі ў гуказапісвальнай студыі больш за 450 гадзін.
Топ-10 самых прагляданых фільмаў у беларускім перакладзе выглядае так:
- Падынгтан;
- Рыбка Поньё;
- Кнiга Iлая;
- Мой сябар жырафа;
- Мiсiя;
- 1+1 (Недатыкальныя);
- Пяты элемент;
- Грукаючы ў нябесную браму;
- Жонка аглядальнiка заапарку;
- Скрадзеныя прывідамі.
Беларусы ўжо прывыклі глядзець кіно ў беларускай агучцы і ў кінатэатрах. Дзякуючы праекту «Беларускія ўікенды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя фільмы і нават прэм'еры з беларускім дубляжом штомесяц паказваюць на вялікіх экранах па ўсёй краіне. За два гады паказы «Беларускіх ўікэндаў» наведала ўжо больш за 50 тысяч гледачоў.





