Цяпер на месцы энцыкляпэдыстаў будуць сядзець судзьдзі Гаспадарчага суду. «Зьнішчэньне БелЭн можна параўнаць з закрыцьцём Віленскага ўнівэрсытэту»

За мінулыя трыццаць пяць гадоў выдавецтвам «Беларуская энцыкляпэдыя» выдадзеныя больш за 500 кніг энцыкляпэдычнага профілю. Сяму-таму, відаць, здалося – дастаткова. Улада прыняла рашэньне пра высяленьне выдавецтва зь ягонага будынку. Цяпер на месцы энцыкляпэдыстаў будуць сядзець судзьдзі Гаспадарчага суду. Сытуацыя вакол БелЭн – тэма гутаркі з пісьменьнікам Алесем Петрашкевічам, які 27 гадоў жыцьця аддаў энцыкляпэдычнай справе.

(Скобла: ) «Спадар Алесь, што сёньня адбываецца з энцыкляпэдыяй, якую вы разам зь Петрусём Броўкам у свой час стваралі?»

(Петрашкевіч: ) «Сытуацыя вельмі трывожная. Па-першае, у энцыкляпэдыі дзяржава адабрала будынак, які перададзены гарадзкому гаспадарчаму суду. Выйшла нематываванае распараджэньне кіраўніка краіны выселіць БелЭН з памяшканьня.

Куды выселіць – у распараджэньні ня сказана. Супрацоўнікі сядзяць на клунках, а новы гаспадар распачаў у будынку капітальны рамонт.

Па-другое, выдавецтва ў канцы мінулага году было вымушанае скараціць штаты – са 156 чалавек да 95. З гэтых 95 толькі 35 рэдактараў. Сёньня ў штаце не засталося ніводнага бібліёграфа. А гэта ўжо нонсэнс. Тая калекцыя энцыкляпэдычных рэдактараў-спэцыялістаў, якая фармавалася цягам трыццаці пяці гадоў, разбураецца.

А энцыкляпэдыі могуць выдавацца толькі пры аптымальнай колькасьці рэдактараў мінімум 150-160 чалавек. Навукаў розных так многа, што малой колькасьці рэдактараў, якія ўсе павінны быць адмыслоўцамі, не ахапіць, не выцягнуць гэтыя ўсе навукі.

Яшчэ летась у выдавецтве было 12 галіновых рэдакцый. Цяпер іх толькі 3. Як трыма рэдакцыямі можна падрыхтаваць і выдаць сур’ёзную навуковую энцыкляпэдыю? Гэта немагчыма. У такіх умовах энцыкляпэдыя зачахне.

Зьнішчэньне БелЭн, якое адбываецца на нашых вачах, можна параўнаць па значэньні хіба з закрыцьцём Віленскага ўнівэрсытэту генэралам Мураўёвым».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0