Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №506 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці», якім зацвярджаецца праграма развіцця гэтага рэгіёну да 2023, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Орша. Фота Сяргея Гудзіліна.

Орша. Фота Сяргея Гудзіліна.

У праграму ўключаныя мерапрыемствы, скіраваныя на вырашэнне ключавых праблем Аршанскага раёна. Яе мэтай з'яўляецца стварэнне ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, стымуляванне прадпрымальніцтва, рост даходаў мясцовага бюджэту. Для гэтага плануецца рэалізаваць шэраг эканамічных, фінансавых, падатковых, адміністрацыйных і стымулюючых мер. 

Так, на тэрыторыі раёна ўводзіцца спецыяльны рэжым падаткаабкладання: прадпрыемствы будуць вызваленыя ад выплаты ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, зніжаюцца стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да 1%, змяншаюцца адлічэнні на пенсійнае страхаванне, а адтэрміноўка (растэрміноўка) па выплаце падаткаў будзе адбывацца без налічэння працэнтаў за яе выкарыстанне. 

Акрамя таго, у праграме прадугледжаны меры для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці. Напрыклад, для аператыўнага прыняцця рашэнняў права на распараджэнне неэфектыўна выкарыстоўванай маёмасцю, што знаходзіцца ў рэспубліканскай форме ўласнасці, даецца Аршанскаму райвыканкаму.

На тэрыторыі раёна дазваляецца прымяненне будаўнічых і тэхнічных нормаў, устаноўленых у ЕС, ЕАЭС і КНР, з правядзеннем дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыі без яе адаптацыі да дзеючых нарматываў. Пры стварэнні або пашырэнні вытворчасцяў прадпрыемствы раёна вызваляюцца ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасцям, а таксама ад кампенсацыйных выплат цаны выдаленых аб'ектаў расліннага свету.

Для дадатковага разняволення дзелавой ініцыятывы ў Аршанскім раёне да 31 снежня 2023 года ўводзіцца мараторый на правядзенне выбарачных праверак, а для пазапланавых праверак вызначаецца выключны пералік выпадкаў іх правядзення. Акрамя таго, прадугледжваецца мінімізацыя выпадкаў утрымання пад вартай абвінавачаных і падазраваных у здзяйсненні эканамічных злачынстваў на карысць мер стрымання, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства.

Асобныя палажэнні загада скіраваныя на матэрыяльнае стымуляванне працы кадраў шляхам прывязкі ўзроўню заработнай платы кіраўнікоў арганізацый і дзяржслужачых да вынікаў выканання праграмы развіцця Аршанскага раёна.

Прадугледжваецца і зняццё абмежаванняў па каэфіцыенце суадносінаў заработнай платы кіраўніка і сярэдняй зарплаты па арганізацыі. Найбольш эфектыўныя меры па развіцці Аршанскага раёна будуць у наступным пашыраныя на іншыя рэгіёны краіны.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0