На клецкага актывіста незарэгістраванага Руху за Свабоду мясцовыя міліцыянты склалі пратакол паводле ч.2 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Цяпер Панамароў чакае позву ў суд.

7 снежня ў Клецку мела адбыцца сустрэча са старшынём Таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам. Напярэдадні адказны чыноўнік Клецкага райвыканкаму ў сваім адказе на запыт Панамарова паведаміў, што узгаднення з уладай для грамадскай сустрэчы не патрэбна. Была дасягнутая папярэдняя дамоўленасць з загадчыцай чытальнай залі бібліятэкі Дома культуры, якая паведаміла, што памяшканне ў прызначаны для сустрэчы час будзе вольным. Але непасрэдна перад сустрэчай Панамарова з Астаповічам у ДК не пусцілі міліцыянты і мясцовы ідэолаг. Матывавана гэта было вуснай забаронай, спушчанай «зверху».

Па сведчаннях жыхароў гораду, якія прыйшлі на сустрэчу, супрацоўнікі міліцыі, якімі кіравалі начальнікі аддзелаў Клецкага РУУС Пляшэвіч і Масько, пагражалі ім непрыемнасцямі, калі тыя пойдуць у ДК. С. Панамароў звярнуўся ў райвыканкам і пракуратуру Клецку з патрабаваннем даць ацэнку дзеянням тых, хто перашкаджаў правядзенню сустрэчы. У панядзелак яго выклікалі ў РУУС, дзе склалі пратакол.

Нагодай для сустрэчы ў Клецку сталі дзеянні мясцовага бацюшкі, які насуперак рэкамендацыям Мінкульту ўсталяваў на даху былога касцёлу купал-цыбуліну. У лістападзе С. Панамароў напісаў заяву ў пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да праваслаўнага святара Матвея Белавуса. Пасля гэтага клецкага актывіста некалькі разоў выклікалі на гутаркі ў міліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?